Стала вядома, колькі ў Беларусі выдзяляць грошай на будаўніцтва і абслугоўваньне дарог у наступныя пяць гадоў

Ілюстрацыйнае фота

Урад зацьвердзіў дзяржаўную праграму «Дарогі Беларусі», разьлічаную на 2026–2030 гады.

Як вынікае з апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастановы ўраду, у найбліжэйшыя пяць гадоў на будаўніцтва і абслугоўваньне дарог выдзяляць 18,9 мільярда рублёў.

Пераважная частка фінансаваньня будзе ажыцьцяўляцца з дзяржаўнага бюджэту — 16,7 мільярда рублёў. Іншыя сродкі на дарогі выдзеляць з мясцовых бюджэтаў (2 мільярды рублёў), з пазабюджэтнага інвэстыцыйнага фонду Міністэрства транспарту і камунікацый (15,1 мільёна рублёў), а таксама з бюджэтаў арганізацый камунальнай дарожнай гаспадаркі (126,9 мільёна рублёў).

Мэтай праграмы зьяўляецца «ўдасканаленьне і падтрыманьне аўтамабільных дарог агульнага карыстаньня ў стане, што забясьпечвае камфортнае жыцьцё ў любой частцы краіны».

У наступныя пяць гадоў плянуюць адрамантаваць, пабудаваць і рэканструяваць ня менш за 25 тысяч кілямэтраў аўтамабільных дарог агульнага карыстаньня, а таксама забясьпечыць «сувязь раённых цэнтраў з аграгарадкамі аўтамабільнымі дарогамі з удасканаленым пакрыцьцём працягласьцю 47,9 кілямэтра».

Агульная працягласьць сеткі аўтадарог агульнага карыстаньня ў Беларусі складае 86 538 кілямэтраў, у тым ліку агульнадзяржаўных — 15 944 кілямэтры і мясцовых — 70 594 кілямэтры. У складзе аўтадарог створаныя 5204 мастоў агульнай працягласьцю 186,4 тысячы пагонных мэтраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі сёлета рэканструююць чатыры аўтамабільныя дарогі