У Беларусі плянуюць стварыць электронны фармат пашпартоў і іншых дакумэнтаў грамадзян

Ілюстрацыйнае фота

Урад хоча скараціць папяровы дакумэнтаабарот і паскорыць узаемадзеяньне зь дзяржаўнымі органамі пры дапамозе «лічбавых вобразаў дакумэнтаў».

На Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале апублікавалі пастанову Савету міністраў ад 30 сьнежня. Пастанова зацьвярджае дзяржаўную праграму «Лічбавая Беларусь» на 2026–2030 гады.

«Лічбавымі вобразамі дакумэнтаў» называюць «набор зьвестак з інфармацыйных сыстэмаў, патрэбны і дастатковы для вырашэньня жыцьцёвай (дзелавой) сытуацыі і зьдзяйсьненьня юрыдычна значных дзеяньняў».

У наступныя пяць гадоў плянуецца працаваць над фармаваньнем і пачаць выкарыстоўваць «лічбавыя вобразы» цэлага шэрагу дакумэнтаў, сярод якіх:

  • пашпарт грамадзяніна;
  • пасьведчаньне кіроўцы;
  • пасьведчаньне дзяржаўнага сацыяльнага страхаваньня;
  • зьвесткі з індывідуальнага асабовага рахунку;
  • дазвол на часовае жыхарства;
  • пасьведчаньне аб дзяржаўнай рэгістрацыі транспартнага сродку;
  • вайсковы білет;
  • пэнсійнае пасьведчаньне;
  • пасьведчаньне аб рэгістрацыі акту цывільнага стану;
  • пасьведчаньне аб дзяржаўнай рэгістрацыі аб’екту нерухомасьці і правоў на яго.

Дакладны пералік такіх дакумэнтаў будуць вызначаць дзяржаўныя органы. Сёлета дзяржаўную праграму дапоўняць захадамі для стварэньня і мадэрнізацыі інфармацыйных рэсурсаў і сыстэмаў фармаваньня лічбавых дакумэнтаў.

Урад тым самым хоча даць грамадзянам магчымасьць «атрымліваць і выкарыстоўваць зьвесткі пра сябе праз мабільныя і сеціўныя праграмы», каб камфортна і хутка разьвязваць свае пытаньні ў электроннай форме, адзначаецца ў пастанове.

Таксама плянуецца даць беларусам магчымасьць працаваць з ID-картай (ідэнтыфікацыя, аўтэнтыфікацыя, электронны лічбавы подпіс) з дапамогай мабільных прыладаў, а таксама праходзіць ідэнтыфікацыю і аўтэнтыфікацыю паводле біямэтрыі і ўнікальнага ідэнтыфікатара.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія дакумэнты дазволіць афармляць дыстанцыйна закон аб натарыюсах
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь і Расея пяройдуць на электронны дакумэнтаабарот пры ўзаемным гандлі