Музычны дуэт з Падляшша Sw@da & Niczos атрымаў польскую ўзнагароду Paszporty Polityki

Гурт Sw@da & Niczos, архіўнае фота

Paszporty Polityki — адна з найважнейшых узнагародаў Польшчы ў галіне культуры.

Гэтым разам узнагароду за 2025 год, як паведамляе Беластоцкі асяродак культуры, прысуджалі ў 7 катэгорыях: фільм, сур’ёзная музыка, сцэна, лічбавая культура, візуальныя мастацтвы, кніга, папулярная музыка.

У катэгорыі «Папулярная музыка» ўзнагародзілі падляскі дуэт Sw@da & Niczos (Віктар Шчыгел і Ніка Юрчук) — за ўяўленьне, арыгінальнасьць, уласны шлях да публікі, стварэньне сучаснай музычнай візіі, што чэрпае натхненьне з традыцыі.

Беластоцкі асяродак культуры павіншаваў творцаў, адзначыўшы, што ўзнагарода ёсьць доказам прызнаньня і матывацыяй для адвагі, пасьлядоўнай працы і выключнай якасьці ў творчасьці, якая натхняе, рухае і вызначае новыя кірункі творчай дзейнасьці.

Дуэт Sw@da & Niczos быў намінаваны на ўзнагароду за альбом Indawoods. Музыкі перавялі традыцыйную падляскую гаворку і традыцыйныя сьпевы ў форму сучаснага электроннага гуку, што і захапіла польскіх крытыкаў. Музыку падляскага калектыву назвалі «пачуцьцёвым маніфэстам новай тоеснасьці», дзе няма месца «музэйнасьці», але ёсьць глыбокая павага да каранёў.

Прэмію Paszporty Polityki тыднёвік Polityka прысуджае маладым творцам за выдатныя мастацкія дасягненьні, творчую сьмеласьць і рэальны ўплыў на сучасную культуру. Фінальны гала-канцэрт штогод зьбірае дзеячоў польскай мастацкай сцэны ў розных яе праявах.

Летась у лютым Sw@da & Niczos удзельнічалі ў польскім нацыянальным адборы на «Эўравізію». Тады дуэт заняў 2-е месца ў глядацкай галасаванцы, саступіўшы вядомай польскай поп-сьпявачцы Юстыне Стэчкоўскай.

Салістка гурту Ніка Юрчук паходзіць зь Бельску Падляскага, што за 50 кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю. Называе сябе «тутэйшай». У школе вучыла беларускую мову. Гаворку вывучыла ў фальклёрным калектыве падляскіх беларусаў «Жэмэрва», дзе сьпявала, грала, танцавала зь дзяцінства. Зь ім шмат разоў езьдзіла ў Беларусь — на Палесьсе, у фальклёрныя экспэдыцыі і на выступы. Ніка грае таксама ў беларуска-польскім традыцыйным калектыве «Гайда Банда».

Дзяўчына піша тэксты для дуэту Sw@da & Niczos, дзе зьмешвае розныя падляскія гаворкі і літаратурную беларускую мову. Дуэт супрацоўнічае зь беларускімі артыстамі, здымае разам зь імі кліпы. Многія строі для дуэту, у тым ліку для яго выступу ў польскім фінале Эўравізіі, стварыла рамесьніца родам зь Беларусі Вольга Этыка. Сьпявачка ня раз адзначала, што дуэт адчувае вялікую падтрымку фанаў зь Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У YouTube зьявіўся ролік, дзе дзяўчаты Беласточчыны сьпяваюць рэп на падляскай беларускай гаворцы

Падляшша — рэгіён на ўсходзе Польшчы. Гістарычна ўваходзіў у Вялікае Княства Літоўскае, потым у Карону Польскую, пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай — у склад Расейскай імпэрыі. У 1918 годзе гэтыя землі абвясьціла сваёй тэрыторыяй Беларуская Народная Рэспубліка. Пасьля Рыскай дамовы 1921 году Падляшша зноў перайшло да Польшчы. У 1939 годзе большая частка рэгіёну ўвайшла ў склад БССР. У 1945 годзе Сталін перадаў Падляшша Польшчы. Дзясяткі тысяч жыхароў рэгіёну вызнаюць сябе этнічнымі беларусамі.