У Менску ў «справе Гаюна» асудзілі юрыста і дызайнэра гульняў
Валянціна Толкача асудзілі ў Менскім гарадзкім судзе паводле абвінавачаньня ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361‑4 КК). Толкача затрымалі вясной 2025 году ў «справе Гаюна». Яму прысудзілі тры гады калёніі, піша «Наша ніва».
Валянцін Толкач нарадзіўся ў Менску ў 1996 годзе. Ён скончыў юрыдычны факультэт БДУ, дзе вывучаў гаспадарчае права, а пасьля атрымаў ступень магістра ў Ягелонскім унівэрсытэце ў Кракаве ў спэцыяльнасьці «Інтэлектуальная ўласнасьць і новыя тэхналёгіі».
Кар’еру пачынаў у Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасьці, дзе прадстаўляў інтарэсы арганізацыі ў Вярхоўным судзе. З пачатку 2023 году ён працаваў дызайнэрам гульняў у пецярбурскай студыі Lesta Games над праектам «Сьвет караблёў» (World of Warships), а зь ліпеня 2024 году перайшоў у Gear Games, дзе займаўся разьвіцьцём мабільнай стратэгіі гульні Art of War 3.
Арт-мэнэджара Алега Ларычава затрымалі ў крымінальнай справе
Праваабаронцам «Вясны» стала вядома пра затрыманьне арганізатара фэстывалю Urban Myths, грамадзкага дзеяча і стрыт-арт-мастака Алега Ларычава. Паводле папярэдняй інфармацыі, яго затрымалі ў канцы лістапада, а ў сьнежні 2025 году перавялі ў СІЗА ў палітычна матываванай крымінальнай справе.
Раней Ларычава затрымлівалі ў 2022 годзе і прысуджалі яму 15 дзён арышту.
Паводле інфармацыі Свабоды, Алега Ларычава затрымалі 27 лістапада. У яго двое непаўнлетніх дзяцей. Алег займаўся арганізацыяй стварэньня муралаў у Менску і іншых беларускіх гарадах. У розныя часы зь ім супрацоўнічалі мясцовыя ўлады розных гарадоў, бо ўсе муралы рабіліся афіцыйна, з дазволу, а часам і з ініцыятывы мясцовых уладаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менскі мурал «Лічбавы сьвет» прызналі найлепшым у сьвеце з намаляваных у лістападзеЯк рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».