Сотні вёсак безь сьвятла, праламаныя дахі, затрымкі транспарту — статыстыка сьнежнай стыхіі

Прыбіраньне сьнегу ў Менску, 9 студзеня 2026

Найбольш сьнегу з 8 кастрычніка выпала ў Магілёўскай вобласьці — 44 см. У Гомельскай — 41. У Менскай, Берасьцейскай і Віцебскай — каля трыццаці.
  • У Менскай вобласьці было тры сьнежныя заторы на дарогах.
  • У Менску, дзе выпала 25 см сьнегу, дзясяткі разоў спыняліся аўтобусы, тралейбусы і трамваі.
  • Пэрыядычна зьнікала электрычнасьць у 392 вёсках і сельскагаспадарчых аб’ектах — да сёньняшняй раніцы сьвятло ўсюды вярнулі.
  • Ратавальнікі дапамаглі дастаць зь сьнежных гурбаў амаль трыста аўтамабіляў.

Пра гэта 10 студзеня на нарадзе паведаміў начальнік рэспубліканскага цэнтру рэагаваньня на надзвычайныя сытуацыі Ігар Радзькоў, перадае БелТА.

Не абышлося і без маштабных здарэньняў.

  • У Віцебску сьнегам прарвала паветраапорную мэмбрану тэнтавага футбольнага манэжу. Заняткі ў манэжы прыпынілі, мэмбрану зьдзьмулі, каб адрамантаваць.
  • У вёсцы Асавок Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці ад сьнегу часткова абрынуўся дах кароўніка.
  • У пасёлку Брожа Бабруйскага раёну сьнег расьціснуў каркас цяпліцы ляснога гадавальніка.

Людзі не пацярпелі, паведаміла МНС.

Зь Менску і Віцебску карыстальнікі сацсетак паведамлялі пра сыход трамвая з рэек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды»: Сьнегапад як дыягназ улады. Арышт Мадура як папярэджаньне. «Год жанчыны» ў краіне турмаў