Паводле ліста, «грашовыя сродкі ў суме 1 бел. руб. падлягаюць вяртаньню Вам па прыналежнасьці». Як адзначае Карней, гаворка ідзе не пра памылку ў дакумэнце: не тысяча, не сто і нават не дзесяць рублёў, а менавіта адзін.
Іронія сытуацыі, паводле былога палітвязьня, у тым, што раней яму прызначылі каля 20 тысяч рублёў «матэрыяльнай кампэнсацыі», у тым ліку за нібыта «супрацьзаконнае ўзбагачэньне» ад журналісцкай дзейнасьці, а таксама выставілі рахункі за турэмную форму, харчаваньне і прымусовую працу ў калёніі.
Паводле Карнея, папера з рашэньнем аб вяртаньні грошай амаль год рыхтавалася пасьля прысуду і яшчэ каля паўгода «вандравала па бюракратычных шуфлядах», пакуль не трапіла ў паштовую скрыню напярэдадні Калядаў.
Асобна журналіст зьвяртае ўвагу на тое, што яго фактычна запрашаюць у Беларусь, нягледзячы на тое, што ён быў вымушаны пакінуць краіну і ўжо паўгода знаходзіцца за мяжой. Раней, паводле яго слоў, іншыя дзяржаўныя органы пагражалі прымусовым прыводам у судовую інстанцыю і патрабавалі аплаты нібыта запазычанасьці за «паслугі» СІЗА.
«Хоць целам ты не дома, але бацькаўшчына сінімі пальцамі ўпарта падсаджвае цябе на лічыльнік», — рэзюмуе Ігар Карней.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялікае інтэрвію зь Ігарам і Інай Карнеямі пасьля двух гадоў турмыКарнея затрымалі ў Менску 17 ліпеня 2023 году. 22 сакавіка 2024 году Менскі гарадзкі суд прызнаў Ігара Карнея вінаватым паводле ч. 3 арт. 361-1 КК («Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні») і пакараў 3 гадамі зьняволеньня і грашовым штрафам у памеры 20 тысяч рублёў. Рэпартэра пакаралі за супрацоўніцтва зь Беларускай асацыяцыяй журналістаў, якую ўлады прызналі экстрэмісцкім фармаваньнем. Вярхоўны суд пакінуў прысуд бяз зьмены.
13 сьнежня 2024 году Ігара Карнея пакаралі яшчэ 10 месяцамі зьняволеньня. Новы суд адбыўся ў Шклове. Карнея абвінавацілі паводле 411 артыкулу КК («Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы»).
Праваабаронцы прызналі Ігара Карнея палітзьняволеным.
У чэрвені 2024 Ігара Карнея для адбыцьця пакараньня перавялі ў папраўчую калёнію № 17 у Шклове.