Іран скалануў самы маштабны за апошнія гады пратэст супраць клерыкальнага істэблішмэнту: улады ўжылі жорсткія рэпрэсіі, каб задушыць нарастаньне незадаволенасьці. Агульнанацыянальныя вулічныя пратэсты і страйкі гандляроў на базарах — ключавых гандлёвых цэнтрах Ірану — нагадваюць падзеі, што папярэднічалі Ісламскай рэвалюцыі 1979 году.
Радыё Свабода паразмаўляла з Джэкам Голдстоўнам, прафэсарам публічнай палітыкі Ўнівэрсытэту Джорджа Мэйсана і адным з вядучых у сьвеце дасьледнікаў рэвалюцыяў і сацыяльных зьменаў, пра тое, ці могуць цяперашнія падзеі ў Іране прывесьці да канца Ісламскай рэспублікі.
— Некаторыя назіральнікі кажуць, што Іран знаходзіцца ў перадрэвалюцыйным або рэвалюцыйным стане. Што ўвогуле вызначае рэвалюцыю?
— Каб пачалася рэвалюцыя, вялікая колькасьць людзей мусіць кінуць выклік уладзе рэжыму і запатрабаваць яго канца. Гэта ўжо адбылося. Таму мы цяпер на пачатку рэвалюцыйнага моманту. Але ў Іране мы неаднаразова бачылі падобнае, і рэжым бываў настолькі жорсткім, наколькі гэта было неабходна, каб спыніць пратэсты.
Гэтым разам пагроза для рэжыму выглядае найбольш сур’ёзнай, бо ўцягнутыя практычна ўсе: сталіца, малыя гарады, старыя і маладыя людзі, а таксама гандляры на базарах, якія зачыняюць свае крамы. Для мяне гэта самыя шырокія пратэсты — як геаграфічна, так і паводле разнастайнасьці групаў, — якія я бачыў з часу масавых вулічных выступаў пасьля спрэчных прэзыдэнцкіх выбараў 2009 году.
— Вы сказалі, што для рэвалюцыі патрэбныя «вялікія колькасьці» людзей. Які працэнт насельніцтва мусіць выйсьці на вуліцы, каб гэта можна было назваць рэвалюцыяй?
— Ніякай канкрэтнай лічбы не існуе. Рэвалюцыя можа адбыцца і з адной плошчай, запоўненай ста тысячамі людзей, калі гэта напалохае лідэра і ён уцячэ — як гэта было ва Ўкраіне. Таму справа не ў лічбах. Вызначальным зьяўляецца тое, ці застануцца вернымі рэжыму Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі, сілы «Басідж» і ўсе іншыя структуры, якія можа задзейнічаць вярхоўны лідэр аятала Алі Хамэнэі.
Джэк Голдстоўн
— Сам факт таго, што гэта «пачатак рэвалюцыйнага моманту», яшчэ не азначае, што рэвалюцыя пераможа, праўда?
— Так. Рэвалюцыя — гэта працэс. Яна можа пачацца, можа спыніцца, можа праваліцца, можа дасягнуць посьпеху. Яна нават можа перамагчы, а потым быць адвернутай назад.
— У выпадку Ірану, якія фактары могуць прывесьці да рэвалюцыі?
— Хамэнэі ўсё жыцьцё абараняў рэвалюцыю. Ён лічыць гэта сьвятым абавязкам. Таму ён зробіць усё, што палічыць патрэбным. Пытаньне ў тым, ці выканаюць цяпер загады страляць па пратэстоўцах розныя сілавыя групы, якім ён аддае такія загады.
У мінулым яны заўсёды гэта рабілі, але звычайна супраць канкрэтных групаў: або студэнтаў, або людзей у сталіцы, або жыхароў пэўных правінцыяў, або толькі жанчын. Цяпер жа пратэст выглядае амаль усеагульным. І гэта робіць сытуацыю значна больш складанай для «Басіджу» і нават для Корпусу вартавых, бо яны ўсё часьцей адчуваюць, што пратэстоўцы прадстаўляюць увесь народ, а не нейкі асобны яго сэгмэнт.
— Якую ролю адыгрываюць эканамічны крызіс, міжнародны ціск і 12-дзённая вайна з Ізраілем у мінулым годзе?
— Думаю, цяпер можна сказаць наступнае: пасьля шматгадовых эканамічных правалаў, поўнага абвалу нацыянальнай валюты і няздольнасьці абараніць Іран ад замежных нападаў рэжым страціў давер і легітымнасьць у вачах большасьці насельніцтва. Ён проста не выканаў таго, дзеля чаго рэвалюцыйны рэжым прыйшоў да ўлады. Ён не зрабіў Іран бясьпечным, не зрабіў яго стабільным, не захаваў сродкі да існаваньня людзей.
Таму я бачу агульнае нецярпеньне, гнеў і адмаўленьне, якія пасьля ізраільскіх удараў і маштабнага валютнага калапсу дасягнулі значна вышэйшага ўзроўню, чым калі-небудзь раней. Чаго мы ня ведаем — дык гэта ці страціў веру ў рэжым і сам Корпус вартавых. Калі так, яны могуць папрасіць Хамэнэі і духавенства адысьці ўбок і паспрабаваць сфармаваць новы ўрад.
— Ці патрэбны пратэстам лідэр, каб адбылася рэвалюцыя?
— Цяпер наступны этап — гэта далейшы рост пратэстаў і разуменьне таго, ці здолее рэжым сабраць дастаткова рэпрэсіўных сілаў, каб іх стрымаць. Пакуль ніхто гэтага ня ведае. Сытуацыя вельмі падобная да Эгіпту ў студзені 2010 году, калі людзі сабраліся на плошчы Тахрыр. Тады таксама ніхто ня ведаў, ці падтрымае армія народ, ці рэжым. Гэта стала зразумела толькі тады, калі падзеі ўжо пачаліся.
Думаю, тое самае адбываецца і цяпер у Іране. Ёсьць велізарная надзея на зьмены. Але пакуль мы ня ведаем, ці працягне Корпус вартавых падтрымліваць рэжым усёй сваёй сілай, мы ня можам сказаць, што будзе далей.
— Ці могуць палітыкі ЗША або іншых краінаў паўплываць на падзеі ў Іране?
— Я не лічу, што яны могуць адыграць вырашальную ролю. Цяпер гэта супрацьстаяньне паміж іранскім народам, кіраўніцтвам і войскам. Амэрыка будзе назіраць, Эўропа будзе назіраць. Яны скажуць, што падтрымліваюць зьмены. Але ў найбліжэйшыя 48–96 гадзінаў стане зразумела, ці застанецца войска адзіным у абароне клерыкальнага рэжыму, ці пачне расколвацца. Адны могуць адысьці ўбок, іншыя — падтрымаць зьмены.
Думаю, ужо ў бліжэйшыя два-тры дні мы ўбачым, ці будзе войска дзейнічаць так жа жорстка, як у мінулым. У 2022 годзе, падчас пратэстаў «Жанчыны, жыцьцё, свабода», сілавікі забілі сотні людзей і арыштавалі тысячы. Цяпер ім давялося б зрабіць тое самае — а магчыма, і яшчэ больш. Пабачым, ці гатовыя яны да гэтага.
Што да Хамэнэі, ён вінаваціць замежны ўплыў і спрабуе падаць пратэстоўцаў як ворагаў нацыі. Але я не думаю, што цяпер ён здольны сказаць нешта, што зьменіць ход падзеяў. І калі пратэсты ня сутыкнуцца з надзвычай моцным рэпрэсіўным адказам, яны, хутчэй за ўсё, будуць толькі нарастаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Тэгеране сутычкі пратэстоўцаў зь сіламі бясьпекі, адбыліся студэнцкія сходы. Людзі скандуюць «Сьмерць дыктатару!» і «Пэхлеві вернецца!»