Дата дня
60 год спаўняецца Яраславу Раманчуку. Беларускі эканаміст, аўтар 13 кніг па эканоміцы і рэформах у краінах постсавецкай прасторы.
Спэцыялізуецца па рэформах эканомікі на постсацыялістычнай прасторы. Ляўрэат міжнародных прэмій за кнігі аб фэномэне эканамічнага цуду і сыстэмных рынкавых рэформаў для пераходных краін. Аўтар звыш 6500 публікацый на эканамічную тэму ў розных друкаваных і электронных выданьнях Беларусі, Расеі, Украіны, ЗША, Польшчы ды іншых краін.
Шмат гадоў быў чальцом Аб’яднанай грамадзянскай партыі. На выбарах 2002 году быў кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі. Паводле афіцыйных зьвестак заняў 3-е месца.
У 2021 годзе вымушаны пакінуць Беларусь і з таго часу стала пражывае і працуе ва Украіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Труска коўдраў», патрыятычнае выхаваньне: Як вучаць у ліцэі МУС і ліцэі БДУДзень у гісторыі
1569 — у Люблінскім замку пачалося паседжаньне сэйму, якое папярэднічала Люблінскай уніі.
1863 — у Лёндане пачало працаваць першае ў сьвеце мэтро.
Лёнданскае мэтро, станцыя «Бэйкер-стрыт», літаграфія
1946 — у Лёндане пачалася першая сэсія Генэральнай асамблеі ААН.
1989 — пасьля 72-гадовага перапынку пачала працаваць Менская духоўная вучэльня — спачатку як аднагадовыя курсы псаломшчыкаў.
1991 — прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў запатрабаваў ад Вярхоўнага Савету Літвы адмены акту аб незалежнасьці і аднаўленьня савецкай Канстытуцыі. Гэтае патрабаваньне было падмацавана вайсковай сілай, што скончылася штурмам віленскага тэлецэнтру і ахвярамі сярод цывільных асобаў. Пазьней літоўскі суд асудзіў шэраг вінаватых у гэтай справе, некаторыя дагэтуль у міжнародным вышуку. Генэрала Ўладзімера Ўсхопчыка, які камандаваў віленскім гарнізонам, а пазьней быў намесьнікам міністра абароны Беларусі, Менск адмовіўся выдаць Літве.
Вільня ў студзені 1991 году
2023 — Радыё Свабода адкрыла новы офіс у Вільні.
У гэты дзень нарадзіліся
1892 — Мэльхіёр Ваньковіч, польскі пісьменьнік, родам зь Беларусі. Дзяцінства правёў у Менску, шмат падарожнічаў па Беларусі, сябраваў зь беларускімі літаратарамі ды шмат рабіў дзеля пашырэньня беларускае літаратуры ў Польшчы. Пра сваё менскае дзяцінства Ваньковіч напісаў кнігу «Шчанячыя гады», што выйшла ў канцы 30-х гадоў.
1896 — Георгі Лаўроў, архітэктар знакавых будынкаў у Беларусі.
1905 — Тацяна Бірыч, беларускі афтальмоляг, доктар мэдычных навук.
1930 — Фёдар Капуцкі, хімік, рэктар БДУ ў 1990–1996 гадах.
1934 — Леанід Краўчук, першы прэзыдэнт Украіны.
Леанід Краўчук
У памяці
1684 — Крыштаф Жыгімонт Пац, вялікі канцлер літоўскі.
1778 — Карл Лінэй, швэдзкі прыродазнавец, стваральнік адзінай сыстэмы расьліннага і жывёльнага сьвету.
1907 — Цэлястын Цеханоўскі, лекар, паплечнік Каліноўскага (памёр на катарзе).
2004 — Алесь Усюкевіч, сакратар падпольнага Саюзу вызваленьня Беларусі, які дзейнічаў у Наваградку ў 1946–1947 гг. Памёр у ссылцы.