Як паведамілі ў Нацыянальным банку Беларусі, летась беларусы агулам прадалі 14,58 мільярда даляраў (у эквіваленце), а купілі 12,95 мільярда даляраў.
У сьнежні 2025 году продаж наяўнай і безнаяўнай валюты перавысіў яе набыцьцё на 115,2 мільёна даляраў.
Кампаніі-рэзыдэнты Беларусі летась купілі валюты больш на 2,30 мільярдаў даляраў. Агульны аб’ём набытай імі замежнай валюты склаў 39,76 мільярда, а прададзенай — 37,45 мільярда.
Набыцьцё юрыдычнымі асобамі замежнай валюты ў сьнежні перавысіла яе продаж на 317,0 мільёна даляраў.
Такія тэндэнцыі захоўваюцца сама меней з 2022 году.
У канцы траўня 2025 году старшыня Нацыянальнага банку Раман Галоўчанка назваў «чысты продаж валюты насельніцтвам і суб’ектамі гаспадараньня» адным з двух фактараў, што паўплывалі на рост міжнародных актываў. «Мы яе скупляем і, калі так можна сказаць, складаем пад вялікую дзяржаўную падушку», — заявіў ён.
Паводле зьвестак Нацбанку, Міжнародныя рэзэрвовыя актывы Беларусі за мінулы год павялічыліся на 5,5 мільярда даляраў і на 1 студзеня 2026 году перавысілі 14,4 мільярда даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Правал у экспарце і падрыхтоўка да магчымай стагнацыі. Што адбылося зь беларускай эканомікай у 2025-м