Польшчы зноў не дазволілі праводзіць чэмпіянат Эўропы ў цяжкой атлетыцы праз ускладненьне выдачы візаў беларусам і расейцам

Цяжкая атлетыка. Ілюстрацыйнае фота

Спартовае кіраўніцтва Польшчы не падтрымлівае ідэі поўнага вяртаньня спартоўцаў зь Беларусі і Расеі ў міжнародныя спаборніцтвы.

У 2026 годзе ў Польшчы мелі адбыцца два буйныя турніры ў цяжкой атлетыцы: першынство Эўропы сярод юніёраў і цяжкаатлетаў да 23 гадоў. Аднак сытуацыя зьмянілася. Як заявіла Эўрапейская фэдэрацыя цяжкай атлетыкі (EWF), Польшча страціла права на правядзеньне абодвух гэтых спаборніцтваў, піша Польскае радыё.

«Кіраўніцтва EWF вырашыла скасаваць чэмпіянат Эўропы ў цяжкой атлетыцы 2026 году сярод юніёраў і спартоўцаў да 23 гадоў, які меў адбыцца ў Польшчы. Гэтае рашэньне прынята пасьля таго, як краіна не забясьпечыла неабходныя гарантыі візавага доступу для спартоўцаў з Расеі і Беларусі», — гаворыцца ў афіцыйнай заяве.

Фэдэрацыя тлумачыць, што яна прытрымліваецца прынцыпу «спорт вышэйшы за палітыку».

«Эўрапейская фэдэрацыя цяжкай атлетыкі (EWF) чарговы раз пацьвердзіла сваю цьвёрдую і пасьлядоўную пазыцыю, што спорт павінен заставацца вышэйшым за палітыку», — гаворыцца ў заяве на сайце фэдэрацыі.

У міжнароднай арганізацыі мяркуюць, што дзеяньні Польшчы накіраваныя супраць адзінства ўсіх атлетаў насуперак іхным палітычным поглядам і дзеяньням. Спаборніцтвы перанесьлі ў Альбанію.

«Фэдэрацыя выступае за інклюзіўнасьць, роўныя магчымасьці і адзінства праз спорт і не прымае дыскрымінацыі з палітычных або геапалітычных матываў, асабліва ў часы ўзмацненьня напружанасьці ўва ўсім сьвеце».

Сайт Przegladsportowy.onet.pl нагадаў, што такое адбываецца ня першы раз. Тое ж самае было ў 2024 годзе, калі Польшчу пазбавілі магчымасьці правесьці чэмпіянат Эўропы ў цяжкой атлетыцы сярод юніёраў да 15 і 17 гадоў. Прычына была такой самай. У рэшце рэшт спаборніцтвы адбыліся ў Гішпаніі.

Скандалы праз магчымы ўдзел беларусаў, адлучаных ад міжнародных стартаў у шэрагу спартовых дысцыплінаў, паўставалі й раней. Напрыклад, зборныя Эстоніі і Літвы ў пляжным футболе адмаўляліся сустракацца зь беларусамі нават цаною ўласнага вылету ці пагаршэньня турнірнага становішча. Латвія і Літва патрабавалі выключыць зборную Беларусі з чэмпіянату Эўропы ў міні-футболе, але міжнародная фэдэрацыя ў выніку перанесла частку турніру ў трэцюю краіну — Славенію, і зборная Беларусі згуляе якраз там.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: UEFA вырашыла правесьці чэмпіянат Эўропы ў міні-футболе яшчэ і ў Славеніі, каб згуляла Беларусь

Таксама праблемы з прыняцьцем расейцаў і беларусаў зьявіліся ў шахматах. Першынство сьвету ў хуткіх шахматах праходзіла з 25 па 31 сьнежня 2025 году. Нягледзячы на тое, што нарвэжац Магнус Карлсэн ня быў лідэрам на старце, пасьля трынаццаці тураў ён урэшце перамог, заваяваўшы залаты мэдаль і свой шосты тытул у кар’еры.

У адным з матчаў Карлсэн прагуляў расейскаму гросмайстру Ўладзіславу Арцем’еву. Акурат перад чэмпіянатам сьвету Міжнародная шахматная фэдэрацыя FIDE зьняла санкцыі з гульцоў з Расеі і Беларусі, дазволіўшы Арцем’еву спаборнічаць пад нэўтральным сьцягам.

Шэраг нацыянальных фэдэрацыяў накіравалі адкрыты ліст да генэральнага сакратара FIDE Лукаша Турлея. Супраць удзелу расейцаў і беларусаў нават на ўмовах нэўтральнасьці выступілі Польшча, Эстонія, Украіна, Нямеччына, Нарвэгія і Вялікая Брытанія, нагадвае sport.pl.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: FIDE аднаўляе ўдзел каманд Расеі і Беларусі ў афіцыйных шахматных спаборніцтвах