У сувязі са сьмерцю кіроўцы спынілі крымінальную справу аб аварыі ў Івацэвіцкім раёне, у якой загінулі пяць чалавек

Галоўная сядзіба Сьледчага камітэту, Менск

У выніку расьсьледаваньня спыненая крымінальная справа ў дачыненьні 20-гадовага кіроўцы BMW — удзельніка аўтааварыі ў Івацэвіцкім раёне.

Пра спыненьне справы паведаміў Сьледчы камітэт. Справа спыненая ў сувязі зь сьмерцю кіроўцы, якога абвінавачвалі паводле ч. 3 арт. 317 Крымінальнага кодэксу (парушэньне правілаў дарожнага руху, якое пацягнула зь неасцярожнасьці сьмерць дзьвюх і больш асобаў).

Паводле сьледзтва, каля 16:30 25 жніўня 2025 году на трасе М-1 «Берасьце — Менск — мяжа РФ» кіроўца BMW ня даў рады кіраваньню, выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе зьдзейсьніў лабавое сутыкненьне з Volkswagen пад кіраваньнем 41-гадовага мужчыны і зь седлавым цягачом Citrak з 39-гадовым кіроўцам за стырном.

У выніку кіроўца BMW, яго 18-гадовы пасажыр, а таксама кіроўца Volkswagen, яго 42-гадовая жонка і 18-гадовы сын загінулі на месцы. Дачка (9 гадоў) кіроўцы Volkswagen выжыла, атрымаўшы менш цяжкія цялесныя пашкоджаньні. Кіроўца фуры не пацярпеў.

СК адзначае, што кіроўца і пасажыр аўтамабіля BMW не былі прышпіленыя пасамі бясьпекі. Транспартны сродак меў тэхнічную няспраўнасьць у выглядзе «нераўнамернага зносу апонаў задняй восі з агаленьнем індыкатараў». BMW да заносу ехаў з хуткасьцю больш за 140 км/г пры дазволеных 120 км/г.

Непасрэднай прычынай трагедыі «сталі дзеяньні кіроўцы BMW, які праявіў злачынную нядбайнасьць, няўважлівасьць і неабачлівасьць». Ён кіраваў аўтамабілем з тэхнічнымі няспраўнасьцямі, перавозіў пасажыра, не прышпіленага пасам бясьпекі, а таксама парушыў рэжым хуткасьці. Пры гэтым не ўлічыў «асаблівасьцяў і стану транспартнага сродку, умовы дарогі і надвор’я, што прывяло да страты кантролю над аўтамабілем, заносу і выезду на сустрэчную паласу».

Усё названае, як сьцьвярджае Сьледчы камітэт, прывяло да трагічнай аварыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 8 гадоў турмы прысудзілі вінаватаму ў ДТЗ у Воранаўскім раёне, у якім загінулі двое дзяцей
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У масавым ДТЗ пад Смалявічамі загінула 17-гадовая дзяўчына