Суд Ленінскага раёну Магілёва ў 2025 годзе ўнёс найбольшую колькасьць матэрыялаў у «экстрэмісцкі сьпіс»

Шыльда на ўваходзе ў суд Ленінскага раёну Магілёва

Праваабаронцы падлічылі, якія суды ў Беларусі прынялі больш за ўсё рашэньняў прызнаць матэрыялы «экстрэмісцкімі»?

Праваабарончы цэнтар «Вясна» падлічыў, якія суды найчасьцей разглядаюць і ўносяць матэрыялы ў сьпіс «забароненых». У 2025 годзе топ-5 самых рэпрэсіўных судоў у пытаньні «экстрэмізму» выглядае так:

  • суд Ленінскага раёну Магілёва — 102 рашэньні;
  • суд Ленінскага раёну Горадні — 91;
  • суд Ленінскага раёну Берасьця — 83;
  • суд Баранавіцкага раёну і г. Баранавічы — 75;
  • суд Цэнтральнага раёну Менску — 73.

Але агулам за ўвесь час суд Ленінскага раёну Магілёва не ўваходзіць нават у пяцёрку. Агульная сытуацыя за час рэпрэсій выглядае так:

  • суд Цэнтральнага раёну Менску — 513 рашэньняў;
  • суд Ленінскага раёну Берасьця — 364;
  • суд Баранавіцкага раёну і г. Баранавічы — 313;
  • суд Маладачанскага раёну Менскай вобласьці — 219;
  • суд Ленінскага раёну Горадні — 218.

Выглядае адметным, адзначаюць праваабаронцы, што задачу прызнаньня матэрыялаў «экстрэмісцкімі» перадалі ў пэўны суд. Напрыклад, калі за ўвесь час у Менску суд Цэнтральнага раёну вынес ажно 513 такіх рашэньняў, дык суд Кастрычніцкага раёну сталіцы прыняў за ўвесь час толькі адно рашэньне на гэты конт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд Партызанскага раёну Менску зноў прызнаў экстрэмісцкім сайт Рады Эўропы. Гэтым разам ня цалкам

За год суды прызналі «экстрэмісцкімі» 2107 інфармацыйных матэрыялаў — ад Telegram-каналаў і TikTok-акаўнтаў да кніг, сайтаў міжнародных арганізацый і старонкі зь сьпісам палітвязьняў. «Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» разросься да 1928 старонак і 8172 пазыцый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папаўненьні году ў сьпісе «экстрэмісцкіх матэрыялаў»: Facebook музыкаў, фільм пра сталінскія рэпрэсіі, кніга пра Радыё Свабода