23 красавіка Сейм Літвы падоўжыў нацыянальныя санкцыі ў дачыненьні да грамадзян Расеі і Беларусі да 2028 году.
За гэтае рашэньне прагаласавалі 95 парлямэнтарыяў, адзін выказаўся супраць, шасьцёра ўстрымаліся.
Згодна з прапановай ураду Літвы, для грамадзян Расеі і Беларусі захоўваюцца ў асноўным тыя ж абмежавальныя захады, за выключэньнем аднаго новаўвядзеньня — забароны на ўвоз у Літву больш за 200 літраў паліва на транспартных сродках з Расеі і Беларусі. Камітэт Сейму па замежных справах зьвярнуўся да ўрада з просьбай разгледзець неабходнасьць увядзеньня дадатковых абмежаваньняў для згаданых асоб, піша агенцтва BNS.
Акрамя таго, у закон упісаная норма аб тым, што ўрад да 1 кастрычніка павінен падрыхтаваць і прадставіць Сейму праекты паправак да законаў аб устанаўленьні абмежаваньняў на набыцьцё нерухомасьці для грамадзян Беларусі, аб прывязцы права на набыцьцё нерухомай маёмасьці для грамадзян Расеі і Беларусі да статусу пастаяннага жыхара Літвы, а таксама аб прымяненьні мэханізма дадатковай ацэнкі нацыянальнай бясьпекі для зьдзелак з нерухомай маёмасьцю.
Закон аб абмежавальных мерах прымяняецца ў Літве з 2023 года.
Мэта закону — прадэманстраваць падтрымку Ўкраіне і абмежаваць пэўныя правы грамадзян краін-агрэсарак — Расеі і Беларусі.
Якія санкцыі падоўжылі
У адпаведнасьці з законам аб санкцыях спынены прыём заяў ад грамадзян Расеі і Беларусі на выдачу як нацыянальных, так і шэнгенскіх віз, за выключэньнем выпадкаў, калі пасярэднікам выступае Міністэрства замежных спраў Літвы.
Расейцам больш не выдаюцца віды на жыхарства ў Літве, калі ў іх няма дзеючай візы або віду на жыхарства ў іншай краіне Эўразьвязу.
Грамадзяне Расеі, якія прыбываюць у Літву, за некаторымі выключэньнямі, праходзяць індывідуальную дадатковую дбайную праверку на прадмет пагрозы нацыянальнай бясьпецы, грамадзкаму парадку, унутранай бясьпецы, здароўю насельніцтва або міжнародным адносінам; таксама ацэньваюцца рызыкі прыбыцьця грамадзян Беларусі.
Заявы расейцаў і беларусаў на атрыманьне статусу электроннага рэзыдэнта Літвы больш не прымаюцца, за выключэньнем асоб, у якіх ёсьць часовы або пастаянны від на жыхарства ў краіне.
Закон забараняе расейцам, у якіх няма віду на жыхарства ў Літве, набываць нерухомасьць.
Грамадзянам абедзьвюх краін таксама забаронены ўвоз і вываз наяўных украінскіх грыўняў, а таксама імпарт сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў паходжаньнем з Расеі ці Беларусі.
Акрамя таго, устаноўлена, што грамадзяне Расеі будуць пазбаўляцца часовага віду на жыхарства ў Літве, калі на працягу апошніх трох каляндарных месяцаў яны больш як адзін раз выяжджалі ў Расею або Беларусь. Выключэньне зроблена толькі для перавозчыкаў і асоб, якія выяжджаюць па аб’ектыўных прычынах, якія не залежаць ад іх.
Да гэтага часу Сейм Літвы падаўжаў абмежаваньні для грамадзянаў Расеі і Беларусі на 1 год. Тэрмін дзеяньня заканчваецца 2 траўня 2026 году.
На думку МЗС Літвы, падаўжэньне санкцый забясьпечыць Літве магчымасьць у зьвязку з вайной Расеі супраць Украіны дадаткова, разам з устаноўленымі Эўрапейскім зьвязам міжнароднымі санкцыямі, прымяняць на нацыянальным узроўні абмежаваньні ў адносінах гэтых дзяржаў як інструмэнт замежнай палітыкі.
Таксама літоўскі ўрад можа замарожваць грашовыя сродкі і іншыя эканамічныя рэсурсы, а таксама прымяняць сэктаральныя абмежавальныя захады ў выпадку, калі санкцыі, устаноўленыя на ўзроўні ЭЗ адносна Расеі або Беларусі, перастануць прымяняцца або будуць скасаваныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Літва яшчэ на паўтара гады прадоўжыць нацыянальныя санкцыі супраць грамадзян БеларусіПры кожным штогадовым падаўжэньні нацыянальных санкцый асноўныя дыскусіі ў Сейме ідуць вакол таго, што для грамадзян Расеі і Беларусі прадугледжаныя розныя абмежавальныя захады.
Частка палітыкаў прапануе іх уніфікаваць, аднак большасьць дэпутатаў Сейму прымала іншае рашэньне.