Беларусь да канца 2027 году падоўжыла забарону на ўвоз тавараў зь «недружалюбных краін». Цяпер з выняткамі

Забарона не распаўсюджваецца на тавары для дзіцячага харчаваньня. Ілюстрацыйнае фота

Савет міністраў Беларусі падоўжыў забарону на ўвоз тавараў зь «недружалюбных краін» да 31 сьнежня 2027 году.

Як вынікае з апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастанове ўраду, абмежаваньні будуць дзейнічаць да 31 сьнежня 2027 году.

У той жа час урад прадугледзеў некаторыя выняткі. Забарона не распаўсюджваецца на тавары, увезеныя фізычнымі асобамі для асабістага выкарыстаньня, а таксама на тавары, увезеныя на перапрацоўку для ўнутранага рынку ў межах тарыфных квотаў, калі ёсьць ліцэнзія на іх імпарт.

Апроч таго, забарона ня будзе распаўсюджвацца на ўвоз тавараў у выключных выпадках пры адпаведным рашэньні прэзыдыюму Савету міністраў, а таксама для патрэбаў дыпляматычных прадстаўніцтваў і консульстваў.

Забарона рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі ня будзе распаўсюджвацца і на сканфіскаваныя тавары зь «недружалюбных краін», на дзіцячае харчаваньне, біядабаўкі, лекі, мэдычнае абсталяваньне, на прадукцыю для крамаў бязмытнага гандлю.

Раней абмежаваньні не стасаваліся толькі тавараў, якія вывозілі ў краіны ЭАЭС, а таксама ў іншыя дзяржавы для міжнароднай гуманітарнай дапамогі. Таксама навіна ня тычылася тавараў, якія праходзілі празь Беларусь транзытам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Контрсанкцыі: Беларусь забараніла ўвоз яшчэ шэрагу тавараў зь «недружалюбных краін»
  • У Беларусі з 1 студзеня 2022 году ў адказ на заходнія санкцыі ўвялі забарону на імпарт зь «недружалюбных краін». Пад абмежаваньні падпалі, сярод іншага, мяса сьвежае, астуджанае і замарожанае буйной рагатай жывёлы, сьвініны і свойскай птушкі, субпрадукты, тлушчы, каўбасы, мяса салёнае, у расоле, сушанае або вэнджанае, харчовая мука зь мяса або мясных субпрадуктаў, малако і малочная прадукцыя, гародніна, садавіна і арэхі, кандытарскія вырабы, соль.
  • У пералік «недружалюбных краін» былі ўключаныя Аўстралія, краіны Эўразьвязу, Канада, Ліхтэнштайн, Нарвэгія, Новая Зэляндыя, Альбанія, Ісьляндыя, Паўночная Македонія, Вялікая Брытанія, ЗША, Чарнагорыя і Швайцарыя.
  • Шырэйшы пералік забароненых тавараў стасуецца прадукцыі з Латвіі, Літвы, Эстоніі, Польшчы і Чэхіі.