Літва яшчэ на паўтара гады прадоўжыць нацыянальныя санкцыі супраць грамадзян Беларусі

МЗС Літвы. Архіўнае фота

Міністэрства замежных спраў Літвы прапанавала Сейму прадоўжыць нацыянальныя санкцыя, уведзеныя супраць грамадзян Беларусі і Расеі пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну.

«Мы прапануем прадоўжыць тэрмін дзеяньня закону і абмежаваньняў не на адзін год, а да 31 сьнежня 2027 году. Такая прапанова не супярэчыць прынцыпу прапарцыйнасьці і таму факту, што абмежаваньні зьяўляюцца часовымі і падлягаюць перагляду», — адзначаецца ў тлумачальнай запісцы да адпаведнага праекту закону, паведаміла выданьне LRT.

Дагэтуль парлямэнт Літвы працягваў абмежаваньні на адзін год. Тэрмін іх дзеяньня мусіў скончыцца сёлета 2 траўня.

У МЗС Літвы сьцьвярджаюць, што працяг дзеяньня закону забясьпечыць Літве магчымасьць у сувязі з вайной Расеі супраць Украіны дадаткова, разам з санкцыямі Эўразьвязу, выкарыстоўваць на нацыянальным узроўні абмежаваньні датычна краін-агрэсарак у якасьці інструмэнту замежнай палітыкі.

Апроч таго, паведаміла выданьне, урад сваім рашэньне зможа замарожваць грашовыя сродкі, а таксама выкарыстоўваць сэктаральныя абмежаваньні, калі санкцыі, уведзеныя на ўзроўні Эўразьвязу, спыняць сваё дзеяньне або будуць скасаваныя.

Пры гэтым МЗС Літвы не прапанаваўла ўводзіць новыя абмежаваньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сейм Літвы пераадолеў вэта прэзыдэнта на закон аб розных санкцыях для расейцаў і беларусаў
  • Закон аб абмежавальных мерах у адносінах да грамадзян Беларусі і Расеі ў сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны быў прыняты Сеймам Літвы 4 красавіка 2023 году.
  • Дакумэнт прадугледжвае прыпыненьне прыёму заяваў на атрыманьне візаў ад грамадзян Расеі і Беларусі, за выключэньнем выпадкаў, калі падача заявы ажыцьцяўляецца пры пасярэдніцтве МЗС Літвы.
  • Для расейцаў уводзіцца часовае прыпыненьне падачы заявак на атрыманьне часовага дазволу на жыхарства, беларусаў гэтая частка закону не закране.
  • У 2024 годзе ў закон увялі дадатковыя абмежаваньні на атрыманьне грамадзянамі Беларусі шэнгенскіх візаў у замежных консульскіх установах Літвы. Цяпер іх выдаюць толькі ў выпадку, калі пасярэднікам у падачы дакумэнтаў на візу выступае Міністэрства замежных спраў Літвы.
  • Закон прадугледжвае дадатковыя праверкі грамадзян Беларусі пры ўезьдзе на тэрыторыю Літвы, а таксама забарону на ўвоз сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў, краіна паходжаньня якіх — Расея або Беларусь. Сьпісы сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў, забароненых да ўвозу, будзе зацьвярджаць урад.