27 загінулых у выніку атакі па акупаванай частцы Хэрсонскай вобласьці. Узброеныя сілы Ўкраіны адмаўляюць расейскія абвінавачаньні

Пажар у вёсцы Хорлы ў выніку атакі дронаў

Колькасьць загінулых у выніку атакі дронаў на кавярню і гатэльны комплекс у вёсцы Хорлы ў акупаванай Расеяй Хэрсонскай вобласьці ўзрасла да 27 чалавек, паведаміў Сьледчы камітэт Расеі.

Па зьвестках ведамства, сярод іх двое непаўналетніх.
У бальніцы Хэрсонскай вобласьці і Крыма з рознымі траўмамі даставілі 31 параненага, сярод іх пяцёра дзяцей. Стан аднаго ацэньваецца як вельмі цяжкі.

Самаабвешчаная адміністрацыя акупаванага рэгіёна апублікавала першыя сьпісы загінулых. Сярод іх чачэнец Махмуд Адмісаеў, які раней знаходзіўся ў вышуку, былы начальнік аддзяленьня акупацыйнай паліцыі Каланчака Сяргей Боган (яго жонка ў 2025 годзе стала намесьнікам кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі Новай Кахоўкі), Міхаіл Валошка, які працаваў у адміністрацыі Каланчака, а таксама тры мясцовыя жыхаркі.

Хэрсонскае мэдыя «Мост» пісала, што пад удар трапілі рэстаран «Украінская хата» і гатэль «Леа». Кадры з месца пажару апублікавалі, у прыватнасьці, расейскі сэнатар Дзьмітрый Рагозін і z-блогер Аляксандр Шаптура. Паводле яго слоў, там загінулі і расейскія вайскоўцы, якіх ён назваў «нашымі братамі».

Журналісты ўкраінскага выданьня Kavun.City адзначылі, што, хутчэй за ўсё, новы год у рэстаранным комплексе адзначалі «расейскія вайскоўцы і, магчыма, хтосьці з акупацыйнай адміністрацыі», паколькі з пачатку поўнамаштабнага ўварваныя ў Хорлах не функцыянуюць ніякія грамадзянскія ўстановы адпачынку, а сьвяткаваньне ў рэстаранах ва ўмовах акупацыі для мясцовых жыхароў немагчыма. Асабліва гэта датычыцца мерапрыемстваў з колькасьцю ўдзельнікаў больш за 70 чалавек нават з улікам пэрсаналу».

Усяго ў будынку ў ноч на 1 студзеня знаходзіліся ня менш за 100 чалавек, адзначылі ў СК РФ. У ведамстве дадалі, што распачалі крымінальную справу па артыкуле аб тэракце, і ўжо канфіскавалі фрагмэнты некалькіх дронаў.

1 студзеня аб сытуацыі паведамілі па тэлефоне Ўладзіміру Пуціну. Ён таксама назваў удар «па жорсткасьці, бесчалавечнасьці і цынізму такім жа, як спаленьне людзей у Адэсе 2 мая 2014 года». 2 і 3 студзеня акупацыйныя ўлады Хэрсонскай вобласьці аб'явілі днямі жалобы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выведка Ўкраіны папярэдзіла аб верагоднай правакацыі Крамля «з чалавечымі ахвярамі» да Калядаў для зрыву мірных перамоваў

Прадстаўнік Генэральнага штаба Ўзброеных сіл Украіны Дзьмітрый Ліхавій адмаўляе дачыненьне да ўдару ўкраінскіх вайскоўцаў. «Сілы абароны Ўкраіны прытрымліваюцца нормаў Міжнароднага гуманітарнага права і наносяць удары выключна па ваенных мэтах суперніка, абʼектах паліўна-энэргетычнага комплексу РФ і іншых законных мэтах, з мэтай зьмяншэньня ваеннага патэнцыялу краіны-агрэсара», – паведаміў ён.

У Генштабе УСУ дадалі, што расейскія прапагандысты і ваенна-палітычнае кіраўніцтва РФ неаднаразова зьвярталіся да дэзынфармацыі і фэйкавых заяваў з мэтай уплыву на міжнародных партнэраў Украіны і хаду мірных перамоваў.