Выведка Ўкраіны папярэдзіла аб верагоднай правакацыі Крамля «з чалавечымі ахвярамі» да Калядаў для зрыву мірных перамоваў

Ілюстрацыйнае фота

Спэцслужбы Расеі могуць рыхтаваць маштабную правакацыю з ахвярамі напярэдадні Калядаў, каб сарваць мірныя перамовы, паведамляе Служба зьнешняй выведкі Ўкраіны.

Месцам можа стаць «культавы будынак або іншы сымбалічны аб’ект у РФ або на часова акупаваных тэрыторыях», гаворыцца ў заяве ведамства.

«Пасьля так званага нападу на рэзыдэнцыю Пуціна мы фіксуем распаўсюджваньне Крамлём новай сфальсыфікаванай інфармацыі для падрыхтоўкі расейскай і замежнай аўдыторыі да далейшай эскаляцыі. Для фальсыфікацыі доказаў дачыненьня Ўкраіны плянуецца выкарыстоўваць фрагмэнты ўдарных БПЛА заходняй вытворчасьці для дастаўкі на месца правакацыі зь лініі баявога сутыкненьня».

Раней Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША зноў выпусьціў экстранае папярэджаньне для амэрыканскіх грамадзян, якія знаходзяцца ў Расеі. Ім настойліва рэкамэндавана неадкладна пакінуць тэрыторыю РФ, паведаміў амэрыканскі тэлеканал Fox News.

Дзярждэпартамэнт спаслаўся на мноства высокіх рызыкаў, зьвязаных з тэрарызмам, неправамернымі затрыманьнямі і адвольным ужываньнем мясцовых законаў. У заяве зазначаецца, што магчымасьці амэрыканскіх дыпляматаў па аказаньні дапамогі сваім грамадзянам абмежаваны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кая Калас назвала заявы Расеі аб нападзе на рэзыдэнцыю Пуціна беспадстаўнымі. У Маскве настойваюць на сваім