У Менску наймацнейшы сьнегапад гэтай зімы: вышыня сьнежнага покрыва дасягнула 18 см

Фота з тэлеграм-каналу Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі

Моцныя сьнегапады ўначы прайшлі ў Беларусі. У Менску за 12 гадзін выпала 10 мм ападкаў. Вышыня сьнежнага покрыва ў сталіцы дасягнула 18 см.

Як паведамляе партал Smartpress, спасылаючыся на тэлеграм-канал Метеовайб, такіх сьнегападаў у Менску гэтай зімой яшчэ не назіралася.

Уначы на большай частцы Беларусі прайшлі сьнегапады. Бачнасьць месцамі зьніжалася да 400-800 мэтраў. Ўмовы надвор’я фармаваліся пад уплывам актыўнага цёплага фронту цыклёну Tizian. З гэтай прычыны прыкметна ўскладнілася сытуацыя на дарогах.

Удзень інтэнсіўнасьць ападкаў пачне зьніжацца: зона моцнага сьнега перамяшчаецца на ўсход. На большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца часам сьнег і мокры сьнег, слабая мяцеліца, на дарогах — галалёдзіца.

Паведамляецца, што за цёплым фронтам цыклёна прыйдзе пацяпленьне. Тэмпэратура паветра складзе ад +2 да −4 °C, па заходняй палове краіны — 0... +1 °C. У Менску чакаецца 0...-2°C, часам сьнег, слабая мяцеліца і галалёдзіца.