За 2025 год Літва перахапіла 635 аэрастатаў з кантрабандай зь Беларусі – амаль утрая больш, чым у 2024-м

Акцыя пратэсту супраць кантрабанды зь Беларусі каля пасольства РБ у Вільні.

За 2025 год Літва перахапіла 635 паветраных шароў з кантрабандай з Беларусі, паведамляе партал LRT, што перадрукаваў даныя, якія літоўская Служба аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) перадала агенцтву ELTA.

Гэта ў 2,8 раза больш, чым за 2024 год, калі было перахоплена 226 такіх аэрастатаў. Адметна, што ў 2023-м іх было ўсяго тры, піша Позірк.

Акрамя таго, супрацоўнікі САДМ летась пасадзілі 59 дронаў з кантрабандай зь Беларусі (у 2024-м – 54).

За 2025 год вынята больш як 1,4 млн пачкаў цыгарэт, нелегальна дастаўленых з Беларусі па паветры. Памежнікі затрымалі 122 чалавекі, якія, як мяркуецца, зьвязаныя з гэтай дзейнасьцю (у 2024-м – 46).

Афіцыйны прадстаўнік САДМ Гедрус Мішуціс заявіў, што ў апошні раз аэрастаты з кантрабанднымі цыгарэтамі былі перахопленыя 20 сьнежня. Пасьля выпадкаў прылёту паветраных шароў не фіксаваліся.

«Вецер мае вырашальнае значэньне – узьнятыя ў паветра шары зьяўляюцца некіравальнымі, і толькі вецер пераносіць іх, – патлумачыў прычыну Мішуціс. – Калі вецер неспрыяльны, шары ніяк не змогуць заляцець у Літву. На розных вышынях кірунак і сіла ветра могуць адрозьнівацца, таму кантрабандысты імкнуцца разьлічыць, каб запушчаны ў Беларусі шар паляцеў у іншую краіну».

Яшчэ адной прычынай можа быць удар літоўскіх праваахоўнікаў па групе, што, як сьцьвярджаецца, зьвязаная з нелегальным транспартаваньнем тытунёвай прадукцыі з Беларусі паветраным шляхам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ў тэставым рэжыме запусьцілі сыстэму плацяжоў па QR-кодзе