Ізраіль у 2026 годзе забароніць дзейнасьць дзясяткаў гуманітарных арганізацый у сэктары Газа

Палестынскія арабы прыйшлі атрымаць гуманітарную дапамогу з ЗША, 27 траўня 2025 году, Рафах

Раней ізраільскі ўрад неаднаразова вінаваціў шэраг гуманітарных арганізацый у дапамозе тэрарыстам з ХАМАС.

Ізраіль папярэдзіў, што ў 2026 годзе прыпыніць дзейнасьць дзясяткаў гуманітарных арганізацый у сэктары Газа. Пра гэта піша DW.

Ізраільскія чыноўнікі абвінавацілі гуманітарныя арганізацыі ў невыкананьні новых патрабаваньняў да рэгістрацыі, у прыватнасьці, што тычыцца даваньня інфармацыі пра іх палестынскі пэрсанал.

Сярод 37 няўрадавых арганізацый, на якія распаўсюдзіцца забарона, — «Лекары бязь межаў» (вядомая з францускага скарачэньня MSF, Médecins Sans Frontières), Нарвэская рада ў справах уцекачоў, World Vision International, CARE і Oxfam.

Міністэрства спраў дыяспары і барацьбы з антысэмітызмам сьцьвярджае, што захады — частка намаганьняў умацаваць і абнавіць правілы, якія рэгулююць дзейнасьць міжнародных няўрадавых арганізацый на акупаванай палестынскай тэрыторыі.

Ізраільскія чыноўнікі заяўляюць, што правілы распрацаваныя дзеля таго, каб прадухіліць пранікненьне баевікоў ХАМАС і іншых узброеных груповак у гуманітарныя арганізацыі або перахоп замежнай дапамогі мірным грамадзянам.

На працягу вайны ў Газе Ізраіль рэгулярна абвінавачваў ХАМАС у крадзяжы гуманітарных грузаў. У Тэль-Авіве заклікалі да больш пільнага кантролю таго, хто сапраўды атрымлівае тоны гуманітарнай дапамогі, што прыходзіць у Газу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Палестынскай аўтаноміі пачасьціліся напады на хрысьціянаў. Іх колькасьць у рэгіёне, у тым ліку ў Бэтлееме, імкліва скарачаецца


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нэтаньягу: Ізраіль не дапусьціць стварэньня палестынскай дзяржавы