У Грузіі з новага году пры ўезьдзе ў краіну будуць патрабаваць мэдычную страхоўку

Лётнішча ў Кутаісі, Грузія

З 1 студзеня 2026 году замежныя грамадзяне, якія ўяжджаюць у Грузію, павінны будуць прад’явіць сапраўдны мэдыцынскі або страхавы поліс ад няшчасных выпадкаў.

Авіякампанія Belavia нагадала пасажырам пра новыя патрабаваньні, уведзеныя іміграцыйнымі ўладамі краіны. Асаблівую ўвагу на гэта варта зьвярнуць пасажырам навагодняга рэйсу B2 735 зь Менску ў Тбілісі, які адпраўляецца ў ноч на 31 сьнежня. Яны будуць аднымі з першых, на каго распаўсюдзяцца новыя правілы.

Згодна з грузінскім законам «Аб турызьме», падчас рэгістрацыі трэба прад’явіць арыгінал полісу страхаваньня на грузінскай або ангельскай мове. Мэдыцынская страхоўка павінна пакрываць увесь пэрыяд знаходжаньня турыстаў у Грузіі, уключаючы даты прыбыцьця і ад’езду.

Як адзначае авіякампанія, калі ў чалавека ня будзе такога страхаваньня, яму адмовяць ў рэйсе.

Такія патрабаваньні павінны былі быць уведзеныя ў Грузіі яшчэ ў чэрвені мінулага году. На той момант плянавалася, што ўсе замежнікі, якія ўяжджаюць у краіну, павінны будуць мець мэдыцынскае страхаваньне з пэўным узроўнем пакрыцьця. Аднак іх увядзеньне адклалі да 1 студзеня 2026 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камітэт правоў чалавека ААН забараніў Грузіі дэпартаваць беларускага праваабаронцу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыцьцё без дакумэнтаў. Што адбываецца зь беларусамі Грузіі, у якіх скончыліся тэрміны дзеяньня пашпартоў