У лістападзе істотна вырасьлі тэмпы падзеньня беларускай прамысловасьці і запасы гатовай прадукцыі

На Беларускім мэталюргічным заводзе ў Жлобіне, архіўнае фота

Аб’ёмы вытворчасьці беларускай прамысловасьці за 11 месяцаў 2025 году склалі 98,3 працэнта ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году.

Як паведамляе Белстат у справаздачы аб разьвіцьці эканомікі ў студзені — лістападзе 2025 года, паказчыкі ў прамысловасьці працягваюць пагаршацца.

Падзеньне прамысловасьці ў студзені — лістападзе склала 1,7% пры тым, што ў студзені — кастрычніку яно складала 1,3%.

Падзеньне ў апрацоўчай прамысловасьці склала 2,3%, што і стала прычынай падзеньня агульнага паказчыка працы прамысловасьці.

Паказчыкі беларускай вытворчасьці ў 2025 годзе

Запасы гатовай прадукцыі на складах прадпрыемстваў прамысловасьці пры гэтым працягвалі расьці і склалі, як паведамляе Белстат, 11657 млн. рублёў. Суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага абʼёму вытворчасьці ў студзені-лістападзе 2025 года склалі 83,6%. На 1 лістапада запасы складалі 81,2% сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасьці. Пры гэтым у Менску запасы склалі 127,7% сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасьці, у Горадзенскай вобласьці — 107,2% пры норме такіх запасаў у 60%.

Расьце пратэрмінаваная крэдыторская і дэбіторская запазычанасьць. Як паведаміў Белстат, на 1 лістапада ў параўнаньні з 1 лютага 2025 года пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасьць вырасла на 9,3%, а пратэрмінаваная дэбіторская — на 24,9%. Пратэрмінаваная запазычанасьць па крэдытах і пазыках вырасла на 18,3% з лютага па кастрычнік.

«На 1 лістапада 2025 г. пратэрмінаваную крэдыторскую запазычанасьць мелі 1460 арганізацый прамысловасьці, або 61,7% (на 1 лютага 2025 года — 60,4%), пратэрмінаваную дэбіторскую запазычанасьць — 1926 арганізацый прамысловасьці, або 81,5% (на 1 лютага 2025 года — 80%)», — паведаміў Белстат.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Правал у экспарце і падрыхтоўка да магчымай стагнацыі. Што адбылося зь беларускай эканомікай у 2025-м