Сотні людзей на марозе. У Варшаве прайшло разьвітаньне зь Мікітам Мелказёравым. ФОТА. ВІДЭА

Разьвітаньне з Мікітам Мелказёравым у Варшаве, 30 сьнежня 2025

30 сьнежня ў Варшаве адбылося разьвітаньне з раптоўна памерлым 37‑гадовым беларускім журналістам Мікітам Мелказёравым.

Сотні людзей зь бел-чырвона-белымі кветкамі стаялі на марозе ў доўгай чарзе, каб трапіць у залю для жалобных рытуалаў. Яны не хавалі сьлёз. Сярод тых, хто прыйшоў на разьвітаньне, былі прадстаўнікі офіса Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднанага пераходнага кабінэта, творчай інтэлігенцыі, калегі-журналісты, сябры. А таксама простыя неабыякавыя беларусы, якія асабіста ня ведалі журналіста, але захапляліся ягонымі эфірамі — праектамі «Жыцьцё — маліна», «Загляне сонца» ды іншымі.

Разьвітаньне доўжылася больш за тры гадзіны. Як паведаміў Свабодзе блізкі сябар Мікіты Мелказёрава Аляксандар Івулін, 31 сьнежня ў вузкім коле родных і сяброў адбудзецца крэмацыя.

Максім Знак прыйшоў разьвітацца зь Мікітам Мелказёравым

Уладзімер Пугач у чарзе людзей, якія прыйшлі разьвітацца зь Мікітам

Аляксандар Івулін

Журналіст, аўтар YouTube-каналаў «Жыцьцё-малiна» і «Загляне сонца» Мікіта Мелказёраў памёр у ноч на 21 сьнежня дома ў Варшаве. Яму было 37 гадоў. Па факце сьмерці Мелказёрава польская пракуратура пачала расьсьледаваньне. Было праведзена ўскрыцьцё цела, вынікі экспэртызы стануць вядомыя празь некалькі месяцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каго Беларусь страціла ў 2025 годзе