Гітанас Наўседа сярод іншага выказаў спадзеў, што Літве пры дапамозе саюзьнікаў атрымаецца ўстойліва вырашыць крызіс з кантрабандысцкімі мэтэазондамі, а таксама паабяцаў, што выкарыстае ўсе магчымасьці для вяртаньня літоўскіх грузавікоў з тэрыторыі, піша агенцтва BNS.
«Я мяркую, што, працуючы комплексна, мы ператворым гэтую стабілізаваную сытуацыю ва ўстойлівую», — заявіў Наўседа ў інтэрвію радыёстанцыі Ziniu radijas 30 сьнежня.
За апошнія месяцы кантрабандысцкія мэтэазонды зь Беларусі больш за дзесяць разоў парушалі працу літоўскіх аэрапортаў. Інцыдэнты падобнага характару не фіксуюцца цягам апошніх некалькіх тыдняў пасьля візыту ў Беларусь пасланца прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Джона Коўла.
Пасьля візыту Коўл сказаў, што Аляксандр Лукашэнка паабяцаў спыніць запускі кантрабандысцкіх балёнаў.
Тым часам літоўскія перавозчыкі заяўляюць, што ў Беларусі па-ранейшаму застаюцца заблякаванымі іх грузавікі. Беларускі бок не выпускае іх у Літву з таго моманту, як Літва восеньню часова закрывала мяжу зь Беларусьсю.
Наўседа падкрэсьліў сваё перакананьне ў тым, што па гэтым пытаньні захоўваюцца ўсе магчымасьці для дыялёгу з Беларусьсю на тэхнічным узроўні і цывілізаванага вырашэньня праблем.
«Калі з таго боку ёсьць хаця б найменшае жаданьне гэта рабіць, мы абавязкова выкарыстоўваем усе магчымасьці, і мы гэта ўжо робім», — адзначыў прэзыдэнт Літвы.
Пасьля таго як у сьнежні ЗША аб’явілі аб намеры адмяніць санкцыі ў дачыненьні да беларускіх угнаеньняў, а палітыкі пачалі спэкуляваць на тэме таго, што Вашынгтон можа аказаць ціск на Літву з мэтай аднаўленьня транзыту беларускіх угнаеньняў праз Клайпэдзкі порт, Наўседа заявіў, што амэрыканскі бок гэтыя пытаньні не ўздымае.
Паводле яго слоў, Літва працягвае выступаць за захаваньне санкцый супраць Беларусі, у тым ліку абмежаваньні на ўгнаеньні, паколькі прычыны іх увядзеньня нікуды ня зьніклі.
Літва з 1 лютага 2022 году спыніла транзыт беларускіх калійных угнаеньняў пасьля таго, як ЗША ў 2021 годзе ўвялі санкцыі супраць найбуйнейшага іх вытворцы ў Беларусі — «Беларуськалія». Гэтыя санкцыі ўступілі ў сілу 8 сьнежня 2021 году. Пазьней санкцыі супраць беларускіх угнаеньняў увёў і ЭЗ.
Аднак нядаўна ў абмен на вызваленьне больш чым 100 палітвязьняў зь Беларусі ЗША часткова адмянілі санкцыі на ўгнаеньні.
Міністар замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс раней заявіў, што калі ЗША здымуць санкцыі з экспарту калійных угнаеньняў зь Беларусі, гэта не закране Літву і Эўрапейскі зьвяз — санкцыі застануцца ў сіле.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцслужбы Літвы правялі аблаву на кантрабандыстаў, якія зьвязаныя зь беларускім тытунем ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алесь Бяляцкі сустрэўся з прэзыдэнтам Літвы