Ва Ўкраіне заявілі аб павелічэньні колькасьці парушальнікаў мяжы ў кірунку Беларусі

У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Ілюстрацыйнае фота

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны паведамілі, што цягам 2025 году затрымалі 13 тысяч чалавек, якія спрабавалі незаконна перасячы дзяржаўную мяжу, у тым ліку амаль 1400 асобаў — на мяжы зь Беларусьсю.

«Найбольш парушальнікаў затрымалі на мяжы з Румыніяй і Малдовай. Ёсьць таксама і на розных участках мяжы з Польшчай, Славаччынай і Вугоршчынай. Сёлета бачым павелічэньне спробаў незаконна перасячы мяжу ў кірунку мяжы зь Беларусьсю. Па стане на цяпер такіх парушальнікаў выявілі амаль 1400», — сказаў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону.

Паводле яго, колькасьць затрыманых пры спробе незаконна перасячы мяжу ў кірунку Беларусі значна меншая, чым на мяжы з краінамі Эўразьвязу. «Гэтыя парушальнікі, якіх мы выяўляем на беларускім участку, не самастойна пракладаюць маршрут, а карыстаюцца прапановамі злачынных груп, якія ім спачатку абяцаюць дапамагчы пакінуць межы Ўкраіны, а потым прапануюць беларускі кірунак», — адзначыў ён.

Андрэй Дземчанка дадаў, што спробы незаконнага перасячэньня мяжы на беларускім кірунку маюць вялікія рызыкі, у тым ліку праз пабудаваныя там фартыфікацыі і замінаваныя ўчасткі. Апроч таго, ён папярэдзіў аб імавернасьці затрыманьня ўкраінскіх парушальнікаў на беларускім баку — памежнікамі або працаўнікамі сілавых структур, і яшчэ раз нагадаў, што ўлады Беларусі працягваюць падтрымліваць агрэсію Расеі супраць Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінцы плацяць «праваднікам» тысячы даляраў за перасячэньне мяжы зь Беларусьсю, каб пазбегнуць мабілізацыі

Ва Ўкраіне цяпер расьсьледуюць вялікую колькасьць спраў, заведзеных паводле фактаў арганізацыі незаконнага перасячэньня ўкраінска-беларускай мяжы ў Валынскай, Жытомірскай, Кіеўскай, Чарнігаўскай і Ровенскай абласьцях Украіны. Летась стала вядома, што найбольш сярод парушальнікаў тых, хто спрабуе пазьбегнуць мабілізацыі і гатовыя плаціць «праваднікам» тысячы даляраў за перасячэньне мяжы зь Беларусьсю.

Сярод тых, каго затрымліваюць ва Ўкраіне, таксама ёсьць жыхары памежных населеных пунктаў — яны імкнуцца ў Беларусь, каб наведаць сваякоў ці могілкі, дзе пахаваныя іхныя блізкія.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як украінцы з памежных вёсак працягваюць езьдзіць у Беларусь, нягледзячы на небясьпеку


  • Аляксандар Лукашэнка і вайсковае кіраўніцтва Беларусі падтрымалі расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволілі скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
  • У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
  • Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
  • Увесь час ад моманту пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.