Абвясьцілі пераможцаў прэміі імя Алеся Адамовіча

Алесь Адамовіч, архіўнае фота

29 сьнежня адбылася онлайн-цырымонія ганараваньня прэміяй імя Алеся Адамовіча найлепшых публіцыстычных твораў, апублікаваных у 2024 годзе.

Сёлета Беларускі ПЭН уганараваў наступных пераможцаў:

  • за гуманістычнае асэнсаваньне беларускага турэмнага досьведу з пэрспэктывы дзяцей рэпрэсаваных бацькоў прэмію імя Алеся Адамовіча атрымала Вольга Вялічка і кніга «Ад двух да пятнаццаці: Мая мама ў турме» (выдавецтва «Gutenberg Publisher»);
  • за сьмеласьць і суперажываньне ва ўмовах дыскрымінацыі і гвалту ўганаравана частка кнігі «Цела таксама архіў» аўтарства Насты Манцэвіч (выдавецтва «Пфляўмбаўм»).
  • Апроч дзьвюх прэмій, Рада Беларускага ПЭНа ўганаравала спэцыяльнай адзнакай сайт праваабарончага цэнтру «Вясна» за 25-гадовае пасьлядоўнае ўсебаковае асьвятленьне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Прэмія была заснаваная ў студзені 1995 году ў памяць пра пісьменьніка, грамадзкага дзеяча і аднаго з заснавальнікаў Беларускага ПЭН-цэнтра Алеся Адамовіча, які памёр годам раней. Першым старшынём журы быў Васіль Быкаў. Аўтары Радыё Свабода ня раз станавіліся яе ляўрэатамі.

Прэмію імя Алеся Адамовіча як мэцэнатка падтрымлівае ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Сьвятлана Алексіевіч.