Расея абвінаваціла Ўкраіну ва ўдары па рэзыдэнцыі Пуціна. Зяленскі назваў гэта хлусьнёй

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што ў ноч з 28 на 29 сьнежня Ўкраіна атакавала бесьпілётнікамі дзяржаўную рэзыдэнцыю Ўладзіміра Пуціна ў Наўгародзкай вобласьці.

Паводле Лаўрова, у атацы задзейнічалі 91 бесьпілётнік, і ўсе яны былі зьнішчаныя расейскай супрацьпаветранай абаронай без пацярпелых і разбурэньняў.

Пры гэтым раніцай у панядзелак Міністэрства абароны Расеі паведамляла пра 89 украінскіх дронаў, зьбітых за ноч над тэрыторыяй усёй Расеі, і пра тое, што 18 зь іх былі зьнішчаны над тэрыторыяй Наўгародзкай вобласьці.

«Зьвяртаем увагу на тое, што гэтая акцыя была ўчынена падчас інтэнсіўных перамоваў паміж Расеяй і ЗША па ўрэгуляваньні ўкраінскага канфлікту», — заявіў Лаўроў і паабяцаў «удары ў адказ».

Паводле кіраўніка расейскага МЗС, Расея ня мае намеру «выходзіць зь перамоўнага працэсу са Злучанымі Штатамі».

«Разам з тым, улічваючы канчатковае перараджэньне злачыннага кіеўскага рэжыму, які перайшоў да палітыкі дзяржаўнага тэрарызму, перамоўная пазыцыя Расеі будзе перагледжана», — напісаў Лаўроў.

«Чарговая хлусьня Расейскай Фэдэрацыі», — гэтак пракамэнтаваў заяву Лаўрова прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

Ён сказаў, што Расея такім чынам шукае прычыны, каб не пагаджацца на мірнае ўрэгуляваньне пасьля прагрэсу на ягонай учорашняй сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам. Зяленскі таксама папярэдзіў, што Расея рыхтуе глебу для новага ўдару па дзяржаўных будынках у Кіеве.

«У нас такое ўжо было ў верасьні, быў ракетны ўдар па Кабінэце міністраў Украіны, вы гэта памятаеце», — сказаў украінскі прэзыдэнт.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп перад сустрэчай з прэм’ер-міністрам Ізраілю Біньямінам Нэтаньягу ў Флорыдзе сказаў журналістам, што Пуцін падняў пытаньне аб атацы на ягоную рэзыдэнцыю падчас сёньняшняй тэлефоннай размовы зь ім. Трамп адзначыў, што раней не дазволіў пастаўкі ракетаў «Тамагаўк» Украіне і што ён быў раззлаваны цяперашняй сытуацыяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі абяцае працягваць рух да міру пасьля «прагрэсу» на перамовах з Трампам, але дамовы яшчэ няма