Зьняцьце санкцый ЗША зь Беларусі выклікала дылему ў Літве, — Delfi

Клайпедзкі порт, ілюстрацыйнае фота

Рашэньне ЗША зьняць санкцыі зь «Беларуськалію» выклікала разгубленасьць у Літве, піша балтыйскі партал навінаў Delfi.

Паводле выданьня, прэм’ер-міністарка краіны Інга Ругінене давала сыгнал, што Літва таксама можа зьняць санкцыі, калі пра гэта папросяць амэрыканцы, аднак пазьней яна гэта абвергла. Былая прэмʼер-міністарка Інгрыда Шыманіце, пры якой увялі санкцыі, растлумачыла, што законнага спосабу перавозкі ўгнаеньняў «Беларуськалію» празь Літву цяпер няма.

Пры гэтым Delfi цытуе кіраўніка Клайпедзкага порта, які кажа, што порт гатовы да такіх грузаў, калі палітыкі дазволяць транспартаваць угнаеньні «Беларуськалія».

«Гэта рашэньні буйных дзяржаў. Сам порт гатовы да перавалкі, бо ён прызначаны ня толькі для перавалкі грузаў, але і для барацьбы за груз. У рэгіёне велізарная канкурэнцыя», — сказаў генэральны дырэктар Клайпедзкага порта Альгіс Латакас.

Як адзначае Delfi, да санкцый Клайпедзкі порт апрацоўваў 48 мільёнаў тон грузаў у год і чвэрць зь іх складалі ўгнаеньні «Беларуськалію». У 2023 годзе апрацоўка порта ўпала да 32 мільёнаў тон. Сёлета будзе апрацоўвацца 39 мільёнаў тон, таму абʼём грузаў усё яшчэ меншы, чым быў да вайны і санкцый.

12–13 сьнежня ў Менску праходзілі перамовы паміж спэцыяльным пасланьнікам ЗША для Беларусі Джонам Коўлам і Аляксандрам Лукашэнкам. Вынікам гэтых перамоваў стала вызваленьне 123 палітычных зьняволеных зь беларускіх турмаў, а таксама зьняцьцё санкцыяў ЗША зь беларускіх калійных угнаеньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Bloomberg: павелічэньне паставак калію ў ЗША прымусіць Беларусь скараціць продажы на іншых рынках