У Службе бясьпекі Ўкраіны паведамілі аб затрыманьні агента «расейскіх і беларускіх спэцслужбаў»

Служба бясьпекі Ўкраіны. Ілюстрацыйнае фота

У Службе бясьпекі Ўкраіны (СБУ) паведамілі аб затрыманьні ў Кіеве агента, які «адначасова працаваў на расейскія і беларускія спэцслужбы».

Як вынікае з паведамленьня, нібыта на заказ Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі «ён шпіёніў за лякацыямі Сіл абароны, а паводле ўказаньняў з Расейскай Фэдэрацыі карэкціраваў атакі расейцаў па энэргааб’ектах рэгіёну».

Сьледчыя СБУ задакумэнтавалі, як затрыманы спачатку вёў назіраньне з вакна ўласнай кватэры за пэрымэтрам адной з кіеўскіх ЦЭЦ, а потым праводзіў «давыведку паблізу гэтага аб’екту, каб высьветліць яго тэхнічны стан пасьля нядаўніх варожых абстрэлаў сталіцы».

Пасьля выкананьня заданьняў затрыманы разьлічваў на «эвакуацыю» за межы Ўкраіны — ён падрыхтаваў тактычны заплечнік з рэчамі першай неабходнасьці, зь якім плянаваў нелегальна перасячы мяжу.

Паводле сьледзтва, затрыманы — мясцовы рабочы, якога «расейскія і беларускія спэцслужбы завэрбавалі праз Telegram-каналы, у якіх ён публікаваў пракрамлёўскія камэнтары».

Грамадзяніна Ўкраіны ўзялі пад варту. Яму інкрымінуюць ч. 2 артыкулу 111 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (дзяржаўная здрада, учыненая ва ўмовах ваеннага становішча). Яму пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне з канфіскацыяй маёмасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Буданаў адрэагаваў на «Арэшнік» у Беларусі, вызваленьне зьняволеных і кантакты ЗША з Лукашэнкам