Аб гэтым пішуць Reuters і Xinhua са спасылкай на ўсходняе вайсковае камандаваньне Народна-вызваленчай арміі Кітая (НВАК).
У вучэньнях задзейнічаныя падразьдзяленьні сухапутных войскаў, ВМС, ВПС і ракетных войскаў.
«Гэтыя вучэньні служаць сур’ёзным папярэджаньнем сэпаратысцкім сілам „незалежнасьці Тайваня“ і сілам зьнешняга ўмяшаньня», — заявіў прадстаўнік Усходняга камандаваньня НВАК Шы І.
Вучэньні прадоўжацца 30 сьнежня і будуць уключаць у сябе адпрацоўку блякады асноўных партоў вострава і яго атачэння. У заяве камандаваньня таксама былі абазначаныя пяць зон вакол вострава, дзе будуць дзейнічаць абмежаваньні.
У Мінабароны Тайваня заявілі, што за апошнія 24 гадзіны вакол вострава знаходзіліся два кітайскія вайсковыя самалёты і 11 караблёў, і што тайваньскія вайскоўцы знаходзяцца ў стане павышанай гатоўнасьці і гатовы да правядзеньня «вучэньняў хуткага рэагаваньня» для хуткага перакідваньня войскаў у выпадку, калі Кітай раптоўна ператворыць у напад адно са сваіх вучэньняў вакол вострава.
Reuters са спасылкай на аналітыкаў піша, што вучэньні Пэкіна ўсё больш размываюць грань паміж руціннымі вучэньнямі і тым, што можа быць падрыхтоўкай да нападу, — стратэгія, закліканая даць ЗША і іх саюзьнікам мінімальнае папярэджаньне аб нападзе.
Вучэньні пачаліся праз 11 дзён пасьля таго, як ЗША абвясьцілі аб продажы Тайваню рэкорднай партыі ўзбраеньняў — на суму 11,1 млрд даляраў.
МЗС Кітая асудзіў рашэньне ЗША прадаць Тайваню рэкордную партыю ўзбраеньняў. У ведамстве заявілі, што гэта парушыць дыпляматычныя пагадненьні паміж Кітаем і ЗША, нанясе сурʼёзны ўрон сувэрэнітэту, бясьпецы і тэрытарыяльнай цэласнасьці Кітая, а таксама падарве рэгіянальную стабільнасьць. На мінулым тыдні КНР увяла санкцыі ў дачыненьні да 20 вайскова-прамысловых кампаній з ЗША і 10 топ-мэнэджараў амэрыканскіх абаронных карпарацый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму лідэры заходніх краін папярэджваюць пра вайну з Расеяй?