Хроніка перасьледу 29 сьнежня: затрымалі маці і дачку зь Менска; сталі вядомыя дэталі «справы Чорных салаўёў»

Сілавікі ў Менску, архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Затрымалі маці і дачку зь Менска, яшчэ дзьве дачкі адбылі тэрміны ў калёніі

Стала вядома, што ў Менску ранкам у межах крымінальнай справы затрымалі чальцоў сям’і Міронцавых. Зараз у СІЗА знаходзяцца маці — Лукер’я Міронцава і адна з дачок — Вераніка, паведамляе ініцыятыва dissidenyBY.

Вядома, што Вікторыя, Анастасія і Аляксандра Міронцавы ў жніўні 2020 года заступіліся за грамадзянаў, якіх зьбіваў АМАП. Аляксандра пасьпела зьехаць, а Вікторыю і Анастасію затрымалі ў кастрычніку 2020 года. У выніку Вікторыю асудзілі на 2,5 года зьняволеньня, за ўдзел у акцыі пратэсту 10 жніўня, а Анастасію — на 2 гады калёніі за ўдзел у той жа акцыі.

У 2022 годзе сёстры выйшлі на волю, цалкам адбыўшы тэрміны.

Але ў сьнежні 2025 года арыштавалі іх маці Лукер’ю Міронцаву і яшчэ адну сястру — Вераніку. Яны знаходзяцца ў СІЗА-1, паведаміў dissidenyBY.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 23 сьнежня: зноў пабольшала палітвязьняў, журналіста Івашына, імаверна, зноў зьмясьцілі ў ШІЗА

Шасьцярых падлеткаў асудзілі на тэрміны ад 10 да 13 гадоў

Летась вясною на дзяржаўным тэлебачаньні выйшаў прапагандысцкі фільм «Дети на прицеле. Завербованные врагом», у якім паведамлялася пра затрыманьне семярых падлеткаў нібы за «супрацоўніцтва з украінскімі спэцслужбамі».

Як паведамлялася ў фільме, падлеткі нібыта аб’ядналіся ў «анархісцкую ячэйку „Чорныя салаўі“ пад кіраўніцтвам Нацыянальнай вызваленчай арміі Ўкраіны», каб ладзіць дывэрсіі ў Беларусі і Расеі.

Як піша «Вясна», Стваральніцай суполкі ўлады называлі 16-гадовую грамадзянку Ўкраіны Марыю Місюк. Таксама сярод затрыманых былі Трафім Барысаў, Сяргей Жыгалёў, Дзьмітрый Захарошка, Анастасія Кліменка і Аляксандра Пуліновіч. Усіх падлеткаў абвінавачвалі ў «акце тэрарызму». Таксама ў прапагандысцкім фільме паказалі 18-гадовага Даніілу Гарасіма.

Праваабаронцам стала вядомыя падрабязнасьці пра адну з затрыманых — Аляксандру Пуліновіч. На момант затрыманьня 16-гадовая дзяўчына вучылася ў апошнім клясе адной зь менскіх школаў. У СІЗА дзяўчыну на некалькі дзён саджалі ў карцэр. У няволі яна працягвала навучаньне і здавала цэнтралізаванае тэставаньне.

Паводле звестак праваабаронцаў, Аляксандры Пуліновіч прызначылі 10 гадоў і 3 месяцы, Марыі Місюк — 13 гадоў, Трафіму Барысаву, Сяргею Жыгалёву, Дзьмітрыю Захарошку — па 12 гадоў зьняволеньня. Даніілу Гарасіму прызначылі 10 гадоў калёніі, а таксама штраф памерам 600 базавых велічыняў.

Сёлета ў лістападзе Марыю Місюк вызвалілі падчас чарговай хвалі памілаваньня палітвязьняў.

Аліневіч трымаў галадоўку ў мазырскай калёніі

Ігар Аліневіч, архіўнае фота

Па прыбыцьці ў мазырскую калёнію Ігар Аліневіч месяц трымаў галадоўку. Цяпер яго зьмясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу, паведаміў тэлеграм-канал a_partisans.

Ігара Аліневіча ў сьнежні 2021 году асудзілі на 20 гадоў зьняволеньня, пакараньне ён пачаў адбываць у мазырскай калёніі, але неўзабаве суд прызначыў яму 3 гады турэмнага рэжыму. За гэты час Аліневіча шмат разоў каралі зьмяшчэньнем у ШЫЗА. Сёлета ў жніўні Аліневіча перавялі з жодзінскай турмы ў ПК-20 у Мазыры. І там адразу зьмяцілі ў штрафны ізалятар.

У сьпіс «экстрэмістаў» дадалі яшчэ 11 чалавек

  1. Васіль Верамейчык, 35 гадоў
  2. Сяргей Гарбачэўскі, 35 гадоў
  3. Васіль Грэчыха, 40 гадоў
  4. Уладзімір Захараў, 57 гадоў
  5. Алена Ізотава, 40 гадоў
  6. Дзьмітры Ільюхін, 35 гадоў
  7. Кірыл Краўчук, 19 гадоў
  8. Дзяніс Сарокін, 45 гадоў
  9. Андрэй Селязьнёў, 40 гадоў
  10. Марына Сьцібло, 42 гады
  11. Яўген Хілько, 40 гадоў.

Цяпер у сьпісе 6127 чалавек, паведаміла «Вясна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 19 сьнежня: ляўрэата конкурсаў вакалістаў адправілі ў калёнію за ўдзел у пратэстах