Цэнтар «Альфамед» прыпыніў сваю дзейнасьць. Такая інфармацыя зьявілася на афіцыйным сайце мэдыцынскай установы.
«Паважаныя пацыенты, хацелі б паведаміць вам, што наша ліцэнзія на аказаньне мэдыцынскіх паслуг была часова прыпынена. Інфармацыя аб аднаўленьні працы будзе разьмешчана на афіцыйным сайце кампаніі».
Як паведамілі выданьню Office Life ў мэдыцынскім цэнтры «Альфамед», дата аднаўленьня працы на цяперашні момант невядомая. Адпаведна, пацыентаў ужо не прымаюць на папярэдні запіс.
Мэдыцынскі цэнтар не паведаміў прычынаў гэтага. Такія ліцэнзіі звычайна прыпыняюцца Міністэрствам аховы здароўя, таму можна меркаваць, што ў час праверкі мэдыцынскай установы ўзьніклі нейкія праблемы.
Гэта ўжо ня першы закрыты ўладамі мэдыцынскі цэнтар. У 2022 годзе Міністэрства аховы здароўя прыпыніла ліцэнзіі мэдыцынскіх цэнтраў «Клініка A1» і «Лодэ» да выпраўленьня парушэньняў. У 2023 годзе міністэрства цалкам пазбавіла ліцэнзіі мэдыцынскі цэнтар «Новы зрок».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З трох памяшканьняў закрытай клінікі «Новы зрок» на аўкцыёнах прадалі толькі адно