«Амаль не сумняваюся, што Мікіту атруцілі», — Зянон Пазьняк пра Мелказёрава

Мікіта Мелказёраў, архізнае фота

Зянон Пазьняк зазначыў, што хаця на вынік паталягаанатамічнага дасьледаваньня цела Мікіты Мелказёрава трэба чакаць некалькі месяцаў, аднак «новыя тэхналёгіі, якія выкарыстоўваюцца цяпер у пэўных лябараторыях, могуць даць папярэднія вынікі на працягу некалькіх хвілін або гадзін».

Ён наракае, што хаця польская пракуратура і пачала папярэднія дзеяньні, з прычыны, як мяркуецца, негвалтоўнай сьмерці асобы, аднак «бяда ў тым, што за некалькі месяцаў злачынцы могуць пазамятаць свае сьляды» і без пачатку сьледзтва і судовай справы праз тры месяцы, нават пры доказным выніку экспэртызы, рэальная карціна можа быць страчаная.

«Я тут пра гэта пішу, бо амаль не сумняваюся, што Мікіту атруцілі ворагі Беларусі і ворагі чалавецтва. Ёсьць вопыт і назіраньні. Магу толькі параіць беларусам у гэтым праклятым часе, нават тым, што „паліцікай не інцерасуються“, быць абачлівымі ў час вайны», — піша Зянон Пазьняк у тэлеграм-канале.

Журналіст, аўтар youtube-каналаў «Жыцьцё-малiна» і «Загляне сонца» Мікіта Мелказёраў памёр у ноч на 21 верасьня дома ў Варшаве. Яму было 37 гадоў.

Прэс-сакратар Акруговай пракуратуры Варшавы Пётр Антоні Скіба паведаміў тэлеканалу «Белсат», што галоўная вэрсія сьледзтва цяпер — негвалтоўная сьмерць:

«На гэтым этапе мы бярэм пад увагу, што сьмерць магла адбыцца з натуральных прычынаў, але ўсё гэта праверым шляхам пасьлядоўнага збору доказавага матэрыялу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэдкая рыса — умець казаць добрае іншым людзям». Сябры і калегі згадваюць Мікіту Мелказёрава