Пасьля інсульту, які здарыўся 23 сьнежня, Нэлі Ваданосава трапіла ў рэанімацыю і цяпер падключаная да апарату штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Паводле лекараў, існуе рызыка незваротных пашкоджаньняў мозгу.
Сытуацыя ўскладнілася тым, што Нэлі Ваданосава фактычна засталася без мэдычнага страхаваньня. Хоць яна знаходзіцца ў працэдуры атрыманьня міжнароднай абароны ў Польшчы і мае права на дзяржаўную мэдычную дапамогу, празь бюракратычную памылку яе дадзеныя не былі своечасова ўнесеныя ў базу Упраўленьня па справах замежнікаў. Выпраўленьне сытуацыі адкладаецца як мінімум да панядзелка праз калядныя выходныя.
Кацярына Ваданосава піша, што пакуль незразумела, ці атрымаецца дамагчыся пакрыцьця выдаткаў дзяржавай, а кошт апэрацыі і далейшага лячэньня можа складаць дзясяткі або нават сотні тысяч злотых.
У сувязі з гэтым фонд BYSOL адкрыў збор сродкаў на аплату мэдычнай дапамогі. Кацярына адзначыла, што ў выпадку, калі выдаткі ўсё ж будуць пакрытыя дзяржавай, сабраныя грошы перанакіруюць на іншыя дабрачынныя ініцыятывы.
- Два месяцы таму Варшаўскі адміністрацыйны суд скасаваў рашэньне аб высылцы Нэлі Ваданосавай з Польшчы ў Літву. 74-гадовая жанчына, якая мела сур’ёзныя праблемы са здароўем, у тым ліку перанесены інфаркт, падалася на міжнародную абарону ў Польшчы пасьля выезду зь Беларусі, хаця візу мела літоўскую. Польскі суд прызнаў, што рашэньне аб яе высылцы ў Літву не адпавядае праву і было вынесена з парушэньнямі, у выніку жанчына засталася з дачкой у Польшчы.