Расея атакавала дронамі Кіеў, тысячы дамоў безь цяпла, экстрана адключаюць электрычнасьць

Пажарны ў Кіеве працуе на месцы абвалу жылога дома

У ноч на суботу на Кіеў і Кіеўскую вобласьць быў масавы напад расейскіх беспілётнікаў і ракет. Уначы Расея таксама атакавала Харкаў.

У Дарніцкім раёне Кіеву дрон урэзаўся ў 24-павярховы дом, іншы дрон урэзаўся ў 18-павярховы жылы будынак у Дняпроўскім раёне. Кіраўнік гарадзкой адміністрацыі Цімур Ткачэнка паведаміў аб пашкоджаньні 18-павярховага інтэрната ў Саломенскім раёне. Паведамляецца аб патрапленьнях і пажарах у іншых раёнах сталіцы.

Паводле апошніх зьвестак, пацярпелі 22 чалавекі, у тым ліку двое дзяцей, паведаміў мэр гораду Віталь Клічко.

У горадзе перабоі зь цепла- і энэргазабесьпячэньнем. «Без цэнтралізаванага цеплазабесьпячэньня цяпер больш за 2 600 жылых дамоў, 187 дзіцячых садкоў, 138 школ, 22 установы сацыяльнай сфэры», — заявіў Клічко. Акрамя таго, у Кіеве ўведзеныя экстраныя адключэньні электрычнасьці.

У Кіеўскай вобласьці ў выніку атакі загінула 47-гадовая жанчына, яшчэ адзін чалавек паранены. Паводле кіраўніка абласной адміністрацыі Мікалая Калашніка, бамбавалі аб’екты крытычнай інфраструктуры, прадпрыемствы, крамы і жылыя дамы.

Уначы Расея таксама атакавала Харкаў. Паводле апошніх зьвестак, два чалавекі загінулі, яшчэ шасьцёра паранена, паведаміў мэр горада Ігар Церахаў. Сьцьвярджаецца, што расейскія войскі скінулі на Харкаў тры кіраваныя авіябомбы. Дзьве зь іх упалі па-за горадам, трэцяя патрапіла ў адну з цэнтральных дарог, пашкоджаныя шматкватэрныя і прыватныя дамы.

  • Уладзімір Зяленскі сустрэнецца з Дональдам Трампам у Флорыдзе 28 сьнежня. На перамовах прэзыдэнт Украіны мае намер абмеркаваць мірны плян з 20 пунктаў, распрацаваны Кіевам падчас сустрэч з прадстаўнікамі ЗША і Эўразьвязу.