Сьцісла
- Кіраўнік NATO Марк Рутэ і іншыя эўрапейскія лідэры сёлета ня раз выступалі з папярэджаньнямі пра магчымы напад Расеі на краіны NATO ў найбліжэйшыя гады.
- Некаторыя экспэрты сумняваюцца ў здольнасьці або намеры Расеі напасьці ў бліжэйшы час, але кажуць, што Пуцін можа справакаваць канфлікт у больш доўгатэрміновай пэрспэктыве, каб захаваць уладу.
- Нядаўні даклад аналітычнага цэнтру папярэджвае, што мэтай можа стаць Эстонія, хоць, паводле ацэнак, Расеі спатрэбіцца 5–10 гадоў на аднаўленьне сіл для такога нападу.
Прамова Рутэ ў Бэрліне 11 сьнежня стала апошняй у беспрэцэдэнтнай сэрыі папярэджаньняў пра непасрэдны канфлікт з Расеяй, зробленых у 2025 годзе высокапастаўленымі эўрапейскімі чыноўнікамі і службамі выведкі, пішуць Рэй Фурлонг і Яўген Легалаў.
- У лютым дацкая разьведка заявіла: «Расея бачыць сябе ў канфлікце з Захадам і рыхтуецца да вайны супраць NATO».
- У чэрвені галоўны генэрал Нямеччыны сказаў, што напад можа адбыцца цягам чатырох гадоў.
- У лістападзе ягоныя словы паўтарыў польскі калега — праз два дні пасьля таго, як міністар абароны Нямеччыны Борыс Пісторыюс адзначыў: «Некаторыя вайсковыя гісторыкі нават лічаць, што ў нас ужо было апошняе мірнае лета».
Гэты сьпіс папярэджаньняў далёка ня поўны. Рутэ выступаў часьцей за ўсіх. У студзені ён заклікаў сябраў NATO павялічыць расходы на абарону або «вучыць расейскую мову». А ў чэрвені заявіў, што атака можа быць скаардынаваная з кітайскім нападам на Тайвань.
Ягоная прамова 11 сьнежня стала самым гучным сыгналам трывогі — ён казаў пра «маштаб вайны, якую перажылі нашы дзяды і прадзеды» з «масавай мабілізацыяй і мільёнамі перамешчаных асобаў».
Што стаіць за гэтымі папярэджаньнямі?
Падобныя заявы часта трапляюць у загалоўкі і выклікаюць пытаньні, асабліва на тым тле, што ЗША выяўляюць усё менш цікавасьці да падтрыманьня ранейшага ўзроўню бясьпекі ў Эўропе.
«Няма ніякіх доказаў таго, што Расея можа ці хоча напасьці на NATO», — сказаў у інтэрвію Радыё Свабода Джон Форман, былы брытанскі вайсковы аташэ ў Маскве і Кіеве. «Я думаю, шэраг палітыкаў і вайскоўцаў выкарыстоўваюць прывід расейскай пагрозы з больш празаічных прычынаў. Рутэ — каб заахвоціць краіны NATO выконваць абавязкі што да выдаткаў, палякі — каб атрымаць больш сілаў NATO на сваёй тэрыторыі».
Іншыя скептыкі зазначаюць, што па амаль чатырох гадах вайны Расея не змагла скарыць Украіну — хай сабе і пасоўвалася сёлета наперад за кошт вялізарных стратаў у людзях і тэхніцы.
Тээму Таміка зь Фінскага інстытуту міжнародных спраў таксама кажа, што Расея не выглядае «гатовай і здатнай напасьці на NATO ў цяперашні момант». Але разам з тым улада прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна «залежыць ад зьнешняй пагрозы», а значыць — «у больш доўгатэрміновай пэрспэктыве нейкая прамая ваенная правакацыя верагодная, асабліва калі вайна ва Ўкраіне будзе замарожаная», — сказаў ён Расейскай службе Радыё Свабода.
Некаторыя цьвердзяць, што гэта ўжо адбываецца — напрыклад, праз залёты расейскіх бесьпілётнікаў і авіяцыі ў паветраную прастору NATO. Але агучаныя сёлета засьцярогі маюць на ўвеце куды змрачнейшыя сцэнары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спробы вырваць Беларусь з арбіты Масквы не спрацуюць». Палітоляг Марозаў — пра абмен палітвязьняў на скасаваньне санкцыяўНапад на Эстонію
Апублікаваны 18 сьнежня Эўрапейскай радай у міжнародных стасунках даклад не выключае нападу Расеі на Эстонію з мэтай праверкі гатоўнасьці ЗША і NATO ваяваць.
«У Эўропе гэтая трывога накладаецца на глыбейшы страх: што амэрыканскі ўрад, заглыблены ва ўнутраную палітыку, можа скараціць сваю прысутнасьць або выставіць умовы для свайго ўдзелу ў абароне Эўропы», — гаворыцца ў дакумэнце.
Апісваючы Эстонію як «маленькую, плоскую і неабароненую», аўтары справаздачы нагадваюць пра ваенную гульню 2016 году, якая спрагназавала, што расейскія войскі могуць захапіць сталіцу краіны цягам 60 гадзін пасьля ўварваньня.
Аднак там таксама пазначана, што Расеі спатрэбіцца 5–10 гадоў па заканчэньні вайны ва Ўкраіне, каб «перааснасьціцца і пераўзброіцца для такога нападу».
Адметна, што афіцыйныя асобы ЗША не паўтаралі эўрапейскіх папярэджаньняў. Нядаўна апублікаваная Стратэгія нацыянальнай бясьпекі ЗША сьцьвярджае, што «эўрапейскія саюзьнікі маюць значную перавагу ў ваеннай моцы над Расеяй амаль па ўсіх паказьніках, апроч ядзернай зброі». Але яна таксама падкрэсьлівае неабходнасьць дыпляматычнага ўдзелу ЗША для «зьмякчэньня рызыкі канфлікту паміж Расеяй і эўрапейскімі дзяржавамі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я глыбока паважаю беларусаў, зь якімі служу». Гутарка з амэрыканскім мэдыкам палку Каліноўскага«Падпальнікі вайны»
Крамлёўскія чыноўнікі назвалі эўрапейскіх лідараў «падпальнікамі вайны» і адпрэчылі якое-колечы жаданьне нападаць. Зрэшты, гэткія ж камэнтары яны рабілі і наконт Украіны напярэдадні поўнамаштабнага ўварваньня ў лютым 2022 году.
«Расея ня мае ваенных мэтаў, якія прыпісваюцца нашай краіне», — заявіў намесьнік міністра замежных спраў Сяргей Рабкоў 22 сьнежня. «Як ужо казаў прэзыдэнт Расеі, мы нават гатовыя гарантаваць гэта юрыдычна ў рамках урэгуляваньня» вайны ва Ўкраіне, дадаў ён.
Ды што б ні падпісалі расейскія ўлады, шмат кім на на Захадзе гэта ня будзе ўспрынята сур’ёзна. Бо Расея ўжо пісьмова абяцала паважаць межы Ўкраіны — у Будапэшцкім мэмарандуме 1994 году.
Урэшце, усё можа залежаць ад аднаго чалавека
«Як мы ведаем, Расея ня ёсьць дэмакратыяй. Такое рашэньне, па сутнасьці, магло б быць проста вынікам таго, што Ўладзімір Пуцін вырашыў бы напасьці на эўрапейскую краіну, якая ёсьць сябрам NATO, або на іншую краіну, таму мы проста ня маем магчымасьці ведаць гэтага загадзя», — сказала Рускай службе Радыё Свабода Элізабэт Броў з аналітычнага цэнтру ў пытаньнях абароны і бясьпекі RUSI.
«Вось чаму вы бачыце, як вайсковыя лідэры ва ўсёй Эўропе кажуць, што мы павінны быць гатовыя да таго, што нешта адбудзецца заўтра. Гэта можа здарыцца празь пяць, дзесяць гадоў або ня здарыцца ніколі, — але вы ня можаце на гэта разьлічваць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін яшчэ на пачатку 2000-х казаў Бушу, што Ўкраіна «штучная дзяржава»