Заснавальніцу «Медузы» завочна асудзілі на 5 гадоў калёніі

Галіна Цімчанка, архіўнае фота

Суд у Маскве завочна асудзіў заснавальніцу выданьня «Медуза» Галіну Цімчанку на 5 гадоў пазбаўленьня волі паводле справы аб кіраваньні «непажаданай» арганізацыяй.

Ёй таксама на 5 гадоў забаранілі займаць кіроўныя пасады, паведаміла «Медыязона».

Пра крымінальную справу супраць Цімчанкі стала вядома сёлета пры канцы траўня. Падставай сталі ейныя інтэрвію DW і ТВ2, а таксама зварот да чытачоў «Медузы».

Паводле сьледзтва, Цімчанка стварыла «Медузу», «адчуваючы нянавісьць і пагарду да дзяржаўнага ладу краіны» і «ўнутранай і зьнешняй палітыкі дзейнай улады», і не спыніла дзейнасьць арганізацыі нават пасьля прызнаньня яе «непажаданай».

Галіна Цімчанка заснавала «Медузу» ў 2014 годзе пасьля звальненьня праз цэнзуру з расейскага выданьня Lenta.ru, дзе яна была галоўнай рэдактаркай. Тады зь ёй сышла большая частка журналісцкай каманды.

У 2021 годзе расейскія ўлады прызналі «Медузу» «замежным агентам», а ў 2023-м — «непажаданай» арганізацыяй.

Рэдакцыя «Медузы» месьціцца ў Латвіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэлефон заснавальніцы «Медузы» заразілі праграмай-шпіёнам Pegasus