Аляксандар Мілінкевіч «перамог сьмерць і пнэўманію»

Аляксандар Мілінкевіч, архіўнае фота

«З Божай дапамогай Аляксандар перамог сьмерць і пнэўманію, якая звычайны спадарожнік такіх хворых, і зараз сапраўды на добрай дарозе», — напісала жонка палітыка і навукоўца Іна Кулей 25 сьнежня ў фэйсбуку.

«Сёньня роўна месяц пасьля страшных нечаканых наступстваў плянавай апэрацыі. Увесь гэты месяц мы гойдаліся на эмацыйных арэлях:крок наперад — крок назад. Ад „рыхтуйцеся да найгоршага“ да „рыхтуемся да рэабілітацыі“.

З Божай дапамогай Аляксандар перамог сьмерць і пнэўманію, якая звычайны спадарожнік такіх хворых, і зараз сапраўды на добрай дарозе.

Шлях да поўнага адужваньня не блізкі, але я веру. Веру безумоўна і бясконца. І ведаю, што сьвята яшчэ наперадзе», — напісала ў фэйсбуку жонка палітыка і навукоўца Іна Кулей.

25 лістапада Аляксандру Мілінкевічу зрабілі складаную апэрацыю. Яму выдалілі тромб. Пасьля гэтага адкрыўся «вельмі напружаны крывацёк», моцна падняўся ціск.

Яго паклалі ў аддзяленьне інтэнсіўнай тэрапіі і ўвялі ў фармакалягічны сон — каб даць арганізму магчымасьць мацавацца, ня трацячы сілаў на рух.

Аляксандру Мілінкевічу 78 гадоў. Ён паходзіць з Горадні. У 1990–1996 гадах працаваў намесьнікам старшыні Горадзенскага гарвыканкаму, спрыяў беларусізацыі ў горадзе, кіраваў баскетбольным клюбам «Горадня-93». У 2006 годзе быў «адзіным кандыдатам» ад дэмакратычнай апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах. Пасьля стварыў грамадзкі рух «За Свабоду» і да 2016 году быў ягоным кіраўніком. Апошнімі гадамі — пазаштатны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай, адзін з арганізатараў «Вольнага беларускага ўнівэрсытэту».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На карысьць дзяржавы». Прадзеда выселілі, дзеда пасадзілі, бацьку ледзь не расстралялі. Гісторыя рэпрэсій сям’і палітыка Мілінкевіча