Зяленскі абвясьціў пра сустрэчу з Трампам «у найбліжэйшай будучыні»

Уладзімір Зяленскі, архіўнае фота

«Мы не губляем ніводнага дня. Мы дамовіліся пра сустрэчу на самым высокім узроўні — з прэзыдэнтам Трампам у найбліжэйшы час», — напісаў прэзыдэнт Украіны ў сваім Telegram-канале.

«Шмат што можа быць вырашана да Новага году», — дадаў ён.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пакуль публічна не казаў пра пляны сустрэчы.

23 сьнежня Ўладзімір Зяленскі прэзэнтаваў праект мірнага пагадненьня з 20 пунктаў, над якім прадстаўнікі ЗША, Украіны і эўрапейскіх краінаў працавалі апошнімі тыднямі.

Kyiv Post з спасылкай на свае крыніцы піша, што ў найбліжэйшыя дні ўкраінскі прэзыдэнт, як чакаецца, выправіцца ў Флорыду для перамоваў. Адзін з суразмоўцаў выданьня заявіў, што, калі ўсё пойдзе паводле плянаў, візыт можа адбыцца ўжо 28 сьнежня.

Мінулымі днямі прайшло некалькі раўндаў перамоваў прадстаўнікоў Украіны, Эўропы і ЗША ў Маямі і Бэрліне, па выніках якіх Кіевам і ягонымі эўрапейскімі саюзьнікамі быў сфармаваны мірны плян з 20 пунктаў.

Паводле Зяленскага, у гэтым пляне яшчэ застаецца нявырашаным пытаньне кантролю над Запароскай АЭС. Вашынгтон прапануе сумеснае кіраваньне станцыяй Украінай, Расеяй і ЗША. Кіеў жа настойвае на сумесным кіраваньні без удзелу Расеі.

Няма згоды і наконт тэрыторый. Украіна прапануе вывад расейскіх войскаў з Днепрапятроўскай, Мікалаеўскай, Сумскай і Харкаўскай абласьцей. А ў Данецкай, Луганскай, Запароскай і Хэрсонскай абласьцях — прызнаньне дэ-факта лініі судакрананьня. Расея ж патрабуе вываду ўкраінскіх войскаў з усяго Данбасу.

Агенцтва Bloomberg са спасылкай на крыніцу, блізкую да Крамля, пісала, што Масква мае намер дамагацца зьмяненьня гэтага мірнага пляну. Паводле суразмоўцы выданьня, Расея хоча атрымаць гарантыі таго, што NATO ня будзе пашырацца на ўсход, а Ўкраіна ў выпадку ўступленьня ў Эўразьвяз захавае нэўтральны статус.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Украіны Зяленскі расказаў пра 20 пунктаў мірнага пляну ЗША