Гэта вынікае з апублікаваных Нацыянальным архівам бясьпекі ЗША стэнаграфічных запісаў трох асабістых сустрэч Пуціна і Буша з 2001 да 2008 году, якія цытуе Расейская служба Радыё Свабода. У пачатку гэтага пэрыяду і асабістыя адносіны двух лідэраў, і адносіны дзьвюх краін былі на высокім узроўні, а потым у адносінах наступіла прыкметнае ахалоджваньне, што вынікае і са зьместу размоў.
У прыватнасьці апублікаваны запіс першай сустрэчы Буша і Пуціна ў 2001 годзе ў Славеніі — менавіта пасьля яе амэрыканскі лідэр заявіў, што зазірнуў у вочы Пуціну і ўбачыў у іх душу. Ужо падчас гэтай сустрэчы расейскі прэзыдэнт паскардзіўся Бушу, што Расея добраахвотна, як ён выказаўся, адмовілася, ад шматлікіх тэрыторый, згадаўшы ў сувязі з гэтым Украіну і Казахстан. Таксама, паводле Пуціна, насельніцтва Расеі было незадаволена тым, як прайшлі рэформы, у выніку якіх яно атрымала «шмат свабоды, якой яно не можа скарыстацца». Пуцін таксама выказаўся супраць рашэньня ЗША выйсьці з дамовы па супрацьракетнай абароне.
Буш, у сваю чаргу, выказаў нязгоду зь дзеяньнямі Расеі ў Чачні, а таксама сказаў пра небясьпекі расейскіх сувязяў з КНДР і Іранам і адзначыў, што пашырэньне NATO прынясе большую стабільнасьць у рэгіён. Пры гэтым ён некалькі разоў сказаў, што ЗША зацікаўлены ў моцнай Расеі і прама заявіў: «Расея — частка Захаду».
«Вы павінны быць як Захад: законнасьць, прадпрымальніцтва, свабода слова», — адзначыў Буш. Ён спытаў у Пуціна, чаму ён абмяжоўвае свабоду прэсы (відавочна, маючы на ўвазе гісторыю з сыходам вядучых журналістаў тэлеканалу НТВ пасьля зьмены ўласьніка пад ціскам дзяржавы).
Пуцін адказаў, што ніколі, нават падчас Халоднай вайны, не лічыў ЗША ворагам, і заявіў, што мог бы сабе ўявіць, што Расея магла б уступіць у NATO і стаць саюзьніцай ЗША. Гаворачы аб свабодзе прэсы, Пуцін заявіў аб тым, што дзяржава змагаецца з алігархамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнку няўтульна ў імпэрскім акопе побач з Пуціным. Класкоўскі і Вусаў пра вынікі году ў адносінах Масквы і МенскуПадчас сустрэчы ў Белым доме ў 2005 годзе абмяркоўваліся галоўным чынам ядзерныя праграмы Паўночнай Карэі і Ірану, прычым агучаныя меркаваньні Пуціна і Буша па большасьці пытаньняў супалі. Пуцін у прыватнасьці раскрытыкаваў Паўночную Карэю, адзначыўшы, што нават яго целаахоўнікі пасьля візыту ў Пхэньян сказалі яму, што больш ня хочуць туды вяртацца. Паводле Пуціна, неабходны час і цярпеньне, каб паўночнакарэйскае насельніцтва пачало задумвацца аб сваім жыцьці.
Пуцін тады сказаў, што ён сам быў членам кампартыі і быў гатовы «памерці за ідэі камунізму», а пазьней ён зьмяніў сваё меркаваньне, але гэта заняло некаторы час. Апроч іншага, Пуцін, верагодна, пажартаваў аб тым, што «знайшоў у інтэрнэце інструкцыю, як зрабіць атамную бомбу», і выступіў супраць распрацоўкі ў ЗША ядзернай зброі са звышмалым зарадам.
Сустрэча ў 2008 годзе ў Сочы ў рэзыдэнцыі Пуціна была апошняй асабістай сустрэчай Пуціна і Буша. Падчас гэтай сустрэчы выявілася істотна больш рознагалосьсяў, у прыватнасьці ў пытаньні аб супрацьракетнай абароне — гаворка ішла аб ідэі ЗША размясьціць перахопнікі ў Польшчы і Румыніі, супраць чаго Масква рэзка пярэчыла.
Пуцін заявіў, у прыватнасьці, пра малы «падлётны час» ракет да Масквы, а таксама пра парушэньне балянсу сіл стрымліваньня. Ён таксама наўпрост заявіў, што магчымае ўступленьне Украіны ў NATO зьяўляецца непрымальным для Масквы і прывядзе да «доўгатэрміновага канфлікту і канфрантацыі» з ЗША.
На пытаньне Буша «чаму» Пуцін адказаў, што Ўкраіна зьяўляецца «штучнай» дзяржавай, «створанай у Савецкія часы», падзеленай на празаходнюю і прарасейскую часткі, што можа прывесьці да расколу, калі краіна ўступіць у NATO.
«Абапіраючыся а сілы, якія выступаюць супраць NATO ва Ўкраіне, Расея будзе імкнуцца да таго, каб пазбавіць NATO магчымасьці пашырацца. Расея будзе пастаянна ствараць там праблемы», — заявіў Пуцін. Буш адказаў, што шануе ў Пуціне шчырасьць, з якой ён кажа пра свае пярэчаньні. Абодва лідэры пры гэтым зноў раскрытыкавалі кіраўніцтва Ірану. У канцы сустрэчы Буш сказаў, што баіцца, што адносіны ЗША і Расеі ўжо ня будуць на такім высокім узроўні, як падчас іх з Пуціным прэзыдэнцтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта поўная брахня!» Лукашэнка адрэагаваў на расьсьледаваньне Свабоды пра дысьлякацыю расейскага «Арэшніку»У Крамлі пакуль не камэнтавалі публікацыю, зь якой вынікае, што расейскі прэзыдэнт выкарыстоўваў яшчэ ў першыя гады свайго кіраваньня амаль тую ж аргумэнтацыю супраць уступленьня Ўкраіны ў НАТА — і падобна выказваўся пра Ўкраіну ў цэлым — што і пры абгрунтаваньні ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе.
Пры гэтым расшыфроўка пацьвярджае заявы Пуціна аб тым, што ў пачатку свайго прэзыдэнцтва ён імкнуўся наладзіць адносіны з Захадам ажно да ўступленьня ў NATO — як вынікае з дакумэнта, відавочна, пры ўмове, што ЗША ніяк не будуць крытыкаваць Расею па такіх пытаньнях, як вайна ў Чачні ці абмежаваньне свабоды прэсы.