Польшча закрывала частку паветранай прасторы ў сувязі з аб’ектамі зь Беларусі

Балён з кантрабанднымі цыгарэтамі на тэрыторыі Літвы, кастрычнік 2025

У ноч з 24 па 25 сьнежня польская супрацьпаветраная абарона заўважыла абʼекты, якія ўваходзілі ў польскую паветраную прастору з боку Беларусі.

«Пасьля дэталёвага аналізу было ўстаноўлена, што гэта, хутчэй за ўсё, кантрабандныя паветраныя шары, якія рухаліся ў адпаведнасьці з кірункам і хуткасьцю ветру», — гаворыцца ў паведамленьні Апэратыўнага камандаваньня Ўзброеных сілаў Польшчы.

«Палёт усіх абʼектаў пастаянна кантраляваўся радыёлякацыйнымі сыстэмамі. Для гарантаваньня бясьпекі частка паветранай прасторы над Падляскім ваяводзтвам была часова закрыта для цывільнага руху».

Раней балёны зь Беларусі з кантрабанднымі цыгарэтамі рэгулярна заляталі ў Літву, ствараючы праблемы з паветраным рухам. 9 сьнежня ўрад Літвы абвясьціў на ўсёй тэрыторыі краіны экстрэмальную сытуацыю праз крызіс, зьвязаны з паветранымі балёнамі зь Беларусі і пагрозамі для нацыянальнай бясьпекі.

13 сьнежня пасланьнік прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Джон Коўл заявіў, што Аляксандар Лукашэнка паабяцаў спыніць палёты мэтэаралягічных балёнаў зь Беларусі ў Літву.

19 сьнежня Ігнас Дабравольскас, дарадца прэм’еркі Літвы Інгі Ругінене, заявіў, што апошнімі днямі не фіксуюць ані саміх кантрабандных паветраных балёнаў зь Беларусі, ані іхных сьлядоў на радарах, незалежна ад кірунку ветру.

Прадстаўнік прэм’еркі Літвы тады падзякаваў адміністрацыі ЗША і спэцыяльнаму пасланьніку Джону Коўлу за іхныя намаганьні для ўрэгуляваньня гэтай сытуацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве амаль два тыдні не фіксуюць паветраных балёнаў зь Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міграцыйны крызіс сёлета быў самым вострым за апошнія 4 гады, — дасьледчык Генадзь Коршунаў