Адпаведнае пытаньне Коўлу задаў карыстальнік пад нікам «Суд Цэнтральнага раёна г. Менска»:
«Паважаны спадар Коўл, ці можаце вы пацьвердзіць ці абвергнуць інфармацыю аб тым, што спадар Валерый Цапкала кансультаваў вас і садзейнічаў у пытаньні вызваленьня палітычных зьняволеных?»
Джон Коўл адказаў: «Не, ён гэтага не рабіў. Гэта было зроблена мной, прэзыдэнтам Трампам, Крысам Смітам і выдатнай камандай ва ўрадзе ЗША».
Раней Валерый Цапкала ў інтэрвію YouTube-каналу The Insider Live заявіў, што кожны тыдзень стэлефаноўваецца з Джонам Коўлам, у тым ліку для абмеркаваньня вызваленьня палітвязьняў. Цапкала казаў, што раіў Коўлу не сустракацца са Сьвятланай Ціханоўскай перад апошнім вызваленьнем палітвязьняў, каб не сарваць працэс дыпляматычных намаганьняў.
У камэнтары пад пастом «Эўрарадыё» пра гэта Джон Коўл напісаў, што "гэта ня праўда".
Раней колішні ўдзельнік прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году, былы кіраўнік Паркам высокіх тэхналёгій Валер Цапкала ў сваім канале ў Telegram віншаваў палітычных зьняволеных, якія былі вызваленыя 13 сьнежня, і абяцаў распавесьці пра сваю ролю ў працэсе вызваленьня.
Паводле Цапкалы, амэрыканскае кіраўніцтва адгукнуліся на заклік «нашага» Клюбу нобэлеўскіх ляўрэатаў і ўключыліся ў тэму вызваленьня палітычных зьняволеных.
Адзначым, што Клюбу нобэлеўскіх ляўрэатаў як афіцыйнай арганізацыі не існуе. Няма міжнароднай структуры з такой назвай, сяброўствам, сьпісамі ўдзельнікаў і г. д.
- Валер Цапкала ў мінулым кіраваў беларускім Паркам высокіх тэхналёгій. Для ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году ён сабраў ініцыятыўную групу. Аднак ЦВК адмовіла яму ў рэгістрацыі, бо нібыта сабраных подпісаў пасьля праверкі аказалася менш за сто тысяч. Калі палітыка не дапусьцілі да ўдзелу ў выбарах, ягоная жонка Вераніка далучылася да аб’яднанага штабу Сьвятланы Ціханоўскай.
- Сам палітык пакінуў краіну ў ліпені 2020 году, баючыся крымінальнага перасьледу. Пазьней да яго ў Латвію пераехалі жонка і дзеці.
- 6 студзеня 2021 году Валер Цапкала абвясьціў аб стварэньні Беларускага дэмакратычнага форуму, які меўся быць супрацьвагай арганізаванаму Лукашэнкам «Усебеларускаму нацыянальнаму сходу».
- У красавіку 2023 году Менскі абласны суд завочна прысудзіў яму 17 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у памеры 1000 базавых велічынь, а таксама пазбавіў права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на працягу 5 гадоў.