Лукашэнка дарма разьлічвае на сварку Ціханоўскай і Бабарыкі, — журналістка Сугак

Міністар замежных справаў Нямеччыны Ёган Вадэфульф (са сьпіны) і Віктар Бабарыка

У праграме «Палітыка зь Юрыем Дракахрустам» журналістка, сябра аргкамітэту партыі «Разам» Яўгенія Сугак пракамэнтавала заявы Аляксандра Лукашэнкі аб непазьбежным канфлікце паміж Сьвятланай Ціханоўскай і вызваленым Віктарам Бабарыкам.

Аляксандар Лукашэнка, выступаючы на ЎНС, даў зразумець, што разьлічвае на канфлікт паміж камандамі Ціханоўскай і вызваленага Бабарыкі. Ці мае ён рацыю ў такім разьліку? Як той казаў, два мядзьведзі ў адным берлагу кепска ўжываюцца, у гэтым выпадку мядзьведзь і мядзьведзіца.

На думку Яўгеніі Сугак, гэтая анімалістычная мэтафара недарэчная хаця б таму, што размова ідзе не пра знаходжаньне ў адной «клетцы». Паводле яе Лукашэнка часта робіць прагнозы, але яны не заўсёды спраўджваюцца. Вызваленьне палітвязьняў (у тым ліку Бабарыкі) было вымушаным: ЗША паставілі жорсткую ўмову менавіта пра гэтых людзей — лічыць Сугак. Яна дадала, што цяпер Лукашэнка спрабуе прадставіць гэта як уласны разьлічаны крок і тлумачыць сваім сілавікам, чаму давялося іх адпусьціць.

Журналістка мяркуе, што шанцы на сур’ёзны канфлікт паміж Ціханоўскай і Бабарыкам цяпер меншыя, чым гэта было ў выпадку з вызваленьнем Сяргея Ціханоўскага. Нават тады, нягледзячы на напорысты характар Сяргея і некаторыя патрыярхальныя погляды, вялікага канфлікту ня ўзьнікла. Падставаў для сваркі паміж Бабарыкам і Ціханоўскай яшчэ менш.

Сугак адзначыла, што заявы Бабарыкі і Марыі Калесьнікавай падчас сустрэчы зь кіраўніком нямецкага МЗС Ёханам Вадэфульфам пра неабходнасьць зьніжэньня ізаляцыі Беларусі і больш актыўнае ўключэньне Эўропы ў вызваленьне палітвязьняў — цалкам лягічныя. Яны выйшлі на волю дзякуючы зьняцьцю санкцый з калійных угнаеньняў, таму заклікаць да ўзмацненьня санкцый было б зь іх боку дзіўна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зьніжаць ізаляцыю беларускага грамадзтва і вяртаць сувязі са зьнешнім сьветам», — Бабарыка і Калесьнікава ў Нямеччыне

Яўгенія мяркуе, што адрозьненьні ў падыходах (напрыклад, каманда Ціханоўскай можа быць больш жорсткай у пытаньні санкцый) — гэта нармальна і не зьяўляецца падставай для канфлікту. Яна нагадвае, што цяпер няма ніякіх выбараў, дзе такія адрозьненьні маглі б мець вырашальнае значэньне.

Яна падкрэсьліла, што Бабарыка заўсёды вызначаўся вялікай адказнасьцю за лёс іншых людзей, у сваіх выступах ва Ўкраіне ён шмат казаў пра людзей, якія засталіся за кратамі. Імаверна, што зараз ён засяродзіцца на высілках па вызваленьні астатніх палітвязьняў — мяркуе Яўгенія Сугак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адліга адбываецца, але толькі для Лукашэнкі» — журналістка Яўгенія Сугак