Былы баец Сіл спэцапэрацый, які ваяваў за Расею, пасьля палону ва Ўкраіне асуджаны ў Беларусі за «здраду дзяржаве»

Максім Зязюльчык. Скрыншот youtube-канала Ўладзіміра Золкіна

Беларуса, які ваяваў на баку Расеі, пасьля палону ва Ўкраіне асудзілі ў Беларусі за «здраду дзяржаве»

Максім Зязюльчык, які ваяваў супраць Украіны на баку Расеі, прызнаны ў Беларусі вінаватым паводле арт. 133 (найміцтва) і арт. 356 (Здрада дзяржаве) Крымінальнага кодэкса, паведамляе праваабарончая ініцыятыва DissidentBY.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, суд на Зязюльчыкам быў закрытым, а «сама справа засакрэчаная», піша Позірк.

«Вядома, што прысуд склаў ня менш за 10 гадоў пазбаўленьня волі», — гаворыцца ў паведамленьні.

Адзначаецца, што пакараньне Зязюльчык адбывае ў папраўчай калёніі № 17 у Шклове (Магілёўская вобласьць).

Праваабаронцы паведамляюць, што ў верасьні 2022 года ўраджэнец Рудзенска (Менская вобласьць) Зязюльчык быў паранены ў нагу, трапіў у палон у Ліманскім раёне Данецкай вобласьці. Ва Ўкраіне яго асудзілі за найміцтва на 10 гадоў пазбаўленьня волі. Украіна заяўляла, што мужчына можа быць агентам Камітэта дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.

У 2024 годзе Ўкраіна перадала Зязюльчыка Расеі, якая адправіла яго ў Беларусь.

У ліпені 2023 года Зязюльчык, знаходзячыся ў палоне ва Ўкраіне, даў інтэрвію ўкраінскаму блогеру Уладзіміру Золкіну. Беларус паведаміў, што ў разгоне акцый пратэсту ў 2020 годзе ў Менску ўдзельнічалі вайскоўцы Міністэрства абароны, а таксама «пераапранутыя салдаты — гэта беларускі АМАП і расейскі АМАП».

Паводле яго слоў, расейскі АМАП прыехаў у Беларусь, яго байцы пераапрануліся ў форму беларускага АМАПа, але пакінулі свае берцы. Па гэтым абутку, як сказаў Зязюльчык, на відэа з пратэстаў можна вызначыць дзяржаўную прыналежнасьць сілавікоў.

Таксама Зязюльчык заявіў, што частка Сіл спэцыяльных апэрацый (ССА) Узброеных сіл Беларусі, дзе ён служыў у 2020 годзе, аказвала садзейнічаньне АМАПу ў разгоне пратэстаў. 317-ы і 357-ы батальёны ССА былі накіраваныя ў Менск, атрымалі форму АМАПу, але таксама адрозьніваліся абуткам.

У Беларусі да справы Зязюльчыка з 2014 года не паведамлялася пра крымінальны перасьлед грамадзян, якія ваююць на баку РФ.

  • У верасьні ўкраінскі праект «Хачу жыць» паведамляў, што прынамсі 596 грамадзян Беларусі падпісалі кантракт з Узброенымі сіламі Расеі за першую палову 2025 года.
  • 28 красавіка праект апублікаваў імёны 742 грамадзян Беларусі, якія ваявалі або ваююць на баку Расеі.
  • 24 лютага 2022 года РФ пачала паўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшы з часоў Другой сусьветнай вайны канфлікт у Эўропе. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі прадаставіў арміі РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а затым на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расейскіх вайскоўцаў. Паводле зьвестак расьсьледвальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасьцю на карысьць расейскага вайскова-прамысловага комплексу.