Прэм’ерка Літвы: У Беларусі засталася невялікая колькасьць грузавікоў. Асацыяцыя перавозьнікаў: Ня выпусьцілі ніводнай фуры

Літоўскія грузавікі на стаянцы ў Беларусі на мяжы зь Літвой

Значная колькасьць грузавікоў, якія раней затрыманыя ў Беларусі, ужо курсуе паміж Літвой і Беларусьсю, і літоўскія дзяржаўныя органы працягваюць працаваць над вяртаньнем астатніх транспартных сродкаў, заявіла прэмʼер-міністарка Літвы Інга Ругінене.

Пра гэта паведаміў тэлеканал LRT.

«У нас ёсьць інфармацыя, што значная колькасьць грузавікоў ужо працягвае працаваць, курсуючы паміж Літвой і Беларусьсю, невялікая колькасьць усё яшчэ знаходзіцца ў Беларусі, мы над гэтым працуем, але сытуацыя вырашаецца крок за крокам», — заявіла Ругінене журналістам у Сэйме ў аўторак.

Яна выказала ўпэўненасьць, што вяртаньне грузавікоў — гэта станоўчы вынік амэрыканскай дыпляматыі, а таксама працы літоўскіх установаў.

«Linava»: Ніводная фура не была адпушчаная

Кіраўнік Нацыянальнай асацыяцыі аўтамабільных перавозьнікаў Linava Эрландас Мікенас у сваю чаргу заявіў, зь беларускіх стаянак ня выпусьцілі ніводную фуру, перадае LRT.

Паводле зьвестак літоўскай мытні, апублікаваных пару тыдняў таму, у Беларусі захрасьлі 185 літоўскіх фураў і паўпрычэпаў. У той жа час Linava працягвае сьцьвярджаць, што там засталося каля 4 тысяч транспартных сродкаў, зь якіх 1,25 тысячы — цягачы.

Міжнародны саюз аўтамабільнага транспарту (IRU) 5 сьнежня зьвярнуўся да беларускіх службаў з просьбай растлумачыць прычыны затрыманьня фураў, падаць іх колькасьць і месцазнаходжаньне. Але адказу не атрымаў.

Уладальнікам фураў тым часам працягваюць выстаўляць рахункі за стаянку.

Міністар транспарту Літвы Юрас Тамінскас заявіў, што ня можа пацьвердзіць ці абвергнуць заяву прэмʼер-міністаркі.

«Спачатку Linava трэба падлічыць свае фуры, чаго яны дагэтуль не зрабілі. Хутка пойдзе трэці месяц, а яны ўсё яшчэ лічаць. Калі падлічаць — тады зможам дыскутаваць, ці там 4 тысячы, ці 185 фураў», — сказаў міністар транспарту.

«Калі яны ня ведаюць, колькі фураў на пляцоўках, значыць, гэтых фураў няма на пляцоўках альбо яны ўжо актыўна езьдзяць», — заявіў Тамінскас.

Паводле міністра транспарту, дазвол на міжнародныя перавозкі на Ўсход маюць каля 2,6 тысячы фураў.

Як усчаўся літоўска-беларускі памежны крызіс

Крызіс на беларуска-літоўскай мяжы ўзьнік пасьля прылётаў паветраных балёнаў з кантрабандай зь Беларусі ў апошнія месяцы, што прывяло да таго, што ўрад Літвы 29 кастрычніка вырашыў закрыць на месяц для большасьці беларусаў памежныя пункты пропуску.

У адказ улады Беларусі сьпярша забаранілі выезд літоўскіх фураў у іншыя краіны, апроч Літвы, а потым увогуле заблякавалі іх на платных стаянках, прычым ня выпусьціўшы і пасьля адкрыцьця Літвой памежных пунктаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Коўл: Лукашэнка пагадзіўся спыніць палёты паветраных балёнаў у Літву

Фактычна памежныя пункты не працавалі зь вечара 26 кастрычніка да 1-й гадзіны ночы 20 лістапада.

Асацыяцыя Linava, якая абʼядноўвае некаторых перавозчыкаў, 10 сьнежня арганізавала каля Сэйма ў Вільні пратэст з нагоды сытуацыі на мяжы, заклікаючы ўрад прыняць рэальныя меры і вярнуць грузавікі.