У Пінску мужчыну асудзілі да трох месяцаў пазбаўленьня волі за спрыяньне незаконнай міграцыі

Мігранты на беларуска-польскай мяжы, архіўны здымак

Грамадзянін замежнай дзяржавы з часовым дазволам на пражываньне ў Беларусі асуджаны Пінскім раённым і гарадзкім судом.

Мужчына асуджаны да трох месяцаў пазбаўленьня волі за «спрыяньне транзыту праз тэрыторыю Беларусі і арганізацыю незаконнай міграцыі замежных грамадзян» (ч. 1 арт. 3711 Крымінальнага кодэксу), паведаміла Генэральная пракуратура.

Краіна паходжаньня асуджанага не ўдакладняецца.

Паводле інфармацыі пракуратуры, у траўні 2025 году замежнік двойчы выкарыстаў легкавыя аўтамабілі «зь меркаваньняў нажывы для перавозкі грамадзян краін Цэнтральнай Азіі зь Менску ў памежную зону каля вёскі Ласіцк Пінскага раёну»:

«Зарганізавалі дастаўку 14 замежных грамадзян для далейшага незаконнага перасячэньня мяжы паміж Беларусьсю і Ўкраінай, абыходзячы ўстаноўленыя пункты пропуску, з мэтай працягу падарожжа ў краіны Эўрапейскага зьвязу».

Адзначаецца, што кіроўцай аднаго з аўтамабіляў была жонка абвінавачанага, якая «ня ведала пра незаконную дзейнасьць абвінавачанага і сапраўдныя намеры замежных грамадзян». Яе пазнаёмілі з пасажырамі як зь сябрамі ейнага мужа.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Міграцыйны крызіс сёлета быў самым вострым за апошнія 4 гады, — дасьледчык Генадзь Коршунаў

Пракуратура адзначае, што «нелегальныя мігранты імкнуліся трапіць у Эўрапейскі зьвяз без дакумэнтаў і візаў»:

«Некаторыя зь іх раней неаднаразова спрабавалі незаконна перасекчы дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь з Рэспублікай Польшча, але былі дэпартаваныя польскімі памежнікамі».

Паведамляецца, што за пэрыяд меркаваных правапарушэньняў абвінавачаны атрымаў грашовую ўзнагароду ў памеры 1000 рублёў.

Вэрдыкт яшчэ не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны ў апэляцыйных судах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У сьнежні колькасьць мігрантаў зь Беларусі ў ЭЗ паменшала ў 7 разоў да 2024 году

Раней памежныя зь Беларусьсю краіны Эўразьвязу — Польшча, Латвія і Літва — неаднаразова абвінавачвалі рэжым Лукашэнкі ў пачынаньні і правакаваньні мігранцкага крызісу. Паводле ўладаў краінаў ЭЗ, рэжым у Менску падштурхоўваў і рукамі памежнікаў і іншых сілавікоў дапамагаў мігрантам ісьці на парушэньне дзяржаўных межаў суседніх дзяржаў.