Напярэдадні Калядаў на сыстэмы францускай пошты і банкаў адбылася буйная DDoS-атака: «завісьлі» мільёны пасылак і пераказаў

Калядная паштоўка, ілюстрацыйная выява

Напад махляроў на інтэрнэт-службы справакаваў паралюш паштовай сыстэмы Францыі і можа пакінуць без падарункаў дзясяткі мільёнаў чалавек у краіне і за яе межамі.

Онлайн-службы La Poste, у тым ліку La Banque Postale, зазналі кібэратакі, якая таксама абмежавала дастаўку пасылак у самы напружаны пэрыяд году, калі іх дасылаюць найчасьцей.

Агулам атака праломнікаў адбылася на францускую паштовую групу La Poste, у тым ліку La Banque Postale і службу дастаўкі Colissimo. У панядзелак яны ўсе не працавалі праз кібэратакі. Ніхто пакуль ня ўзяў на сябе адказнасьці за напад.

Пракуратура Парыжу расьсьледуе справу. Пра гэта паведамляюць інфармацыйны сайт France Info і агенцтва AP.

Напад адбыўся ў час найбольш напружанага пэрыяду году для паштовай кампаніі. На працягу апошніх двух месяцаў году La Poste традыцыйна апрацоўвае і дастаўляе каля 180 мільёнаў пасылак і іншых адпраўленьняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апублікавалі новыя падрабязнасьці сёлетняй кібэратакі на расейскі «Аэрофлот», у якой бралі ўдзел беларускія «Кібэрпартызаны»

Паводле заявы La Poste, гэта была DDoS-атака, якая часова адключыла яе онлайн-службы. Кампанія паведаміла, што атака не паўплывала на зьвесткі пра кліентаў, але парушыла дастаўку пасылак.

Лісты, у тым ліку калядныя паштоўкі, усё яшчэ маглі адпраўляцца і дастаўляцца, але такія паслугі, як адсочваньне адпраўленьняў або доступ да ўнутраных паштовых сыстэмаў, не працавалі.

Здарэньне таксама закранула банк La Banque Postale, кліенты якога не маглі выкарыстоўваць мабільны дадатак для зацьверджаньня аплатаў. Банк часова перакіраваў пацьверджаньні транзакцый у SMS-паведамленьні.

Атака адбылася неўзабаве пасьля нядаўніх кібэратак на францускія дзяржаўныя ўстановы. А перад тым у Парыжы выявілі вялікія праблемы зь бясьпекай у знакамітым музэі Люўр, што дазволіла адной бандзе абрабаваць яго, а затым прымусіла кіраўніцтва зачыніць залю грэцкай керамікі.

Францыя разам з іншымі эўрапейскімі хаўрусьнікамі Ўкраіны абвінавачвае Расею ў вядзеньні так званай гібрыднай вайны, якая ўключае ў сябе DDoS-атакі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Люўр рэзка павысіць цану білетаў для наведнікаў не з Эўразьвязу. Рашэньне прынялі пасьля рабунку музэю