Латвія да сярэдзіны 2026 году падоўжыла рэжым узмоцненай аховы мяжы зь Беларусьсю

Памежны слуп Латвіі на мяжы зь Беларусьсю. Архіўнае фота

У Міністэрстве ўнутраных спраў Латвіі паведамілі, што ўрад краіны 22 сьнежня ўхваліў рашэньне аб падоўжаньні да 30 чэрвеня 2026 году ўзмоцненага рэжыму аховы мяжы зь Беларусьсю.

Як адзначаецца ў паведамленьні ведамства, узмоцнены рэжым кантролю дзейнічае ў Люцыне і валасьцях Люцынскага краю, у валасьцях Краслаўскага краю, у Аўгшдаўгаўскім краі, у Дзьвінску і ў воласьці Каўнатас Рэжыцкага краю.

«Рашэньне ўхвалілі для забесьпячэньня непарушнасьці дзяржаўнай мяжы і прадухіленьня пагроз дзяржаве, паколькі на латвійска-беларускай мяжы ўсё яшчэ выяўляецца непрапарцыйна вялікая колькасьць спроб незаконнага перасячэньня мяжы», — адзначылі ў МУС Латвіі.

Згодна зь інфармацыяй ведамства, з 1 студзеня па 22 снежня 2025 году прадухілілі 12 025 спроб незаконнага перасячэньня дзяржаўнай мяжы. З гуманітарных меркаваньняў мяжу дазволілі перасячы 31 чалавеку.

У МУС Латвіі адзначылі, што фіксуюць пашкоджаньні пабудаванай на мяжы зь Беларусьсю, таму да канца 2026 году плянуюць завяршыць аснашчэньне тэхнічнымі сродкамі памежную інфраструктуру.

«Вайна супраць Украіны, ініцыяваная Расеяй і адкрыта падтрыманая Беларусьсю, таксама ацэньваецца як дадатковы фактар рызыкі і магчымая матывацыя для Беларусі працягваць намаганьні па дэстабілізацыі сытуацыі на дзяржаўнай мяжы з Латвіяй», — дадалі ў латвійскім ведамстве.

Пры неабходнасьці ўрад Латвіі можа падоўжыць рэжым узмоцненай аховы мяжы зь Беларусьсю і пасьля 30 чэрвеня 2026 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспарт тавараў зь Беларусі ў Латвію з пачатку 2025 году ўпаў больш як удвая