Пачнем з дадзеных маніторынгу Інстытуту сацыялёгіі Акадэміі навук Украіны (ІСАН).
Як Вы ставіцеся да ўступленьня Ўкраіны ў ЭЗ? , у %
Да 2014 году апытаньні праводзіліся на ўсёй тэрыторыі Ўкраіны, з 2014 году — на тэрыторыі краіны, якая кантралявалася ўкраінскай уладай.
На графіку варта адзначыць некалькі асаблівасьцяў.
За ўвесь пэрыяд назіраньняў мела месца перавага станоўчых ацэнак пэрспэктывы ўступленьня ў ЭЗ над адмоўнымі. З пачатку нулявых гадоў да 2013 году назіралася павольнае зьніжэньне праэўрапейскіх настрояў. У 2014 годзе адбыўся скачок, рост долі тых, хто выступаў за далучэньне Ўкраіны да ЭЗ. Адной з прычынаў гэтага стала скарачэньне генэральнай сукупнасьці — у яе ўжо не ўключаліся жыхары Крыму і тэрыторыяў Данбасу, якія не кантраляваліся Кіевам. Іншай прычынай стаў рост праэўрапейскіх настрояў ва ўсіх рэгіёнах Украіны.
Апытаньне 2024 году зафіксавала выбуховы рост праэўрапейскіх памкненьняў украінцаў.
На наступным графіку прыводзяцца дадзеныя апытаньняў у Беларусі Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) — адказы на пытаньне, аналягічнае пытаньню з папярэдняга ўкраінскага графіка.
Калі б заўтра адбыўся рэфэрэндум аб уступленьні Беларусі ў Эўрапейскі Зьвяз, як бы вы прагаласавалі? , у %
Прыводзяцца сярэднія арытмэтычныя паказьнікі па апытаньнях, праведзеных у адпаведныя гады
Напачатку нулявых апытаньні НІСЭПД фіксавалі выразную перавагу праэўрапейскіх настрояў у Беларусі, іх узровень быў нават вышэй за той, якія ў адпаведныя гады паказвалі апытаньні ўкраінскіх сацыёлягаў. Аднак у 2006–2008 гадах назіралася ня менш пераканаўчая перавага адмоўнага стаўленьня да далучэньня Беларусі да ЭЗ.
2009–2012 гады — пэрыяд прыкладнай раўнавагі паміж прыхільнікамі і праціўнікамі эўраінтэграцыі Беларусі, за выключэньне 2011 году, калі ізноў пераважалі прыхільнікі ўступленьня Беларусі ў Эўразьвяз. А пасьля 2013 году — выразнае зьніжэньне праэўрапейскіх настрояў.
Карціна адрозная ад украінскай. Ва Ўкраіне перавага станоўчых ацэнак эўраінтэграцыі краіны на працягу ўсяго пэрыяду назіраньняў, у Беларусі — ваганьні, за 14 гадоў назіраньняў толькі ў 4 гадах таксама перавага праэўрапейскіх настрояў, у 10-ці — перавага адмоўнага стаўленьня да эўраінтэграцыі.
Таксама зьвяртае на сябе ўвагу супрацьлеглая дынаміка пасьля 2013 году: ва Ўкраіне — рост праэўрапейскіх настрояў, у Беларусі — іх зьніжэньне.
Ва Ўкраіне шок ад анэксіі Крыму і наладжаных Расеяй забурэньняў у Данбасе ўмацаваў імкненьне да ўступленьня ў Эўразьвяз, якое і раней было даволі моцным. У Беларусі той жа самы шок, хаця і ўскосны, прывёў да адваротных зьменаў у грамадзкай думцы.
Прыведзеныя вышэй дадзеныя Інстытуту сацыялёгіі Акадэміі навук Украіны варта дапоўніць дадзенымі іншага ўкраінскага дасьледнага цэнтру — сацыялягічнай групы «Рэйтынг». Апытаньні «Рэйтынгу» праводзіліся часьцей.
Сацыёлягі «Рэйтынгу» пасьля 2014-га году праводзілі апытаньні на тэрыторыі Ўкраіны, падкантрольнай цэнтральнай украінскай уладзе.
Вынікі апытаньняў «Рэйтынгу» пацьвярджаюць дадзеныя акадэмічных сацыёлягаў: пасьля анэксіі Крыму і пачатку гібрыднай вайны ў Данбасе ў 2014 годзе — заўважны рост праэўрапейскіх настрояў, і выбуховы іх рост пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны.
НІСЭПД быў зьнішчаны беларускімі ўладамі ў 2016 годзе і не праводзіў пасьля гэтага апытаньняў. Але дадзеныя ўкраінскага «Рэйтынгу» можна параўнаць з вынікамі апытаньняў двух беларускіх дасьледных цэнтраў на чале з прафэсарам, доктарам сацыялёгіі Андрэем Вардамацкім — Лябараторыі «Новак» і Беларускай аналітычнай майстэрні.
На ваш погляд, у якім саюзе дзяржаваў было б лепей жыць народу Беларусі: у Эўрапейскім Зьвязе ці ў саюзе з Расеяй? , у %
Прыводзяцца сярэднія арытмэтычныя паказьнікі па апытаньнях, праведзеных у адпаведныя гады
Пытаньне, якое задавалі «Новак» і БАМ, адрозьніваецца ад пытаньняў, якія задавалі і «Рэйтынг», і ІСАН, і НІСЭПД. Тры апошнія дасьледныя цэнтры задавалі «аднабаковае» пытаньне пра стаўленьне да эўраінтэграцыі, «Новак» і БАМ фармулявалі пытаньне як выбар паміж саюзам з Расеяй і далучэньнем да ЭЗ.
Адрозьненьні ў пытаньнях ствараюць пэўную праблему для параўнаньня. Але можна ўбачыць пэўную аналёгію ў дынаміцы паказьнікаў паміж дадзенымі «Новака» і БАМ і дадзенымі НІСЭПД, прыведзенымі вышэй: адносна высокая доля прыхільнікаў далучэньня Беларусі да ЭЗ напачатку нулявых гадоў, зьніжэньне падтрымкі эўраінтэграцыі ў сярэдзіне нулявых, прыкладна стабільны ўзровень падтрымкі далучэньня да ЭЗ да 2013 году і зьніжэньне, пачынаючы з 2014 году.
Дадзеныя «Новака» і БАМ дазваляюць прасачыць дынаміку пасьля 2016 году, калі НІСПД быў закрыты.
Дадзеныя «Новака» і БАМ за 2016 год нам не ўдалося атрымаць, але навідавоку тэндэнцыя далейшага зьніжэньня праэўрапейскіх настрояў да 2017 году. Пасьля — рост да 2020 году, потым — ваганьні, два апошнія гады, гады поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне — новае зьніжэньне ўзроўню памкненьня, каб Беларусь стала чальцом ЭЗ. Ва Ўкраіне, як было паказана вышэй, у гэтыя гады ўзровень падтрымкі эўраінтэграцыі быў надзвычай высокі.
Як вайна ва Ўкраіне паўплывала на стаўленьне беларусаў да Эўразьвязу
Гэтыя параўнаньні дадзеных беларускіх і ўкраінскіх дасьледчыкаў пракамэнтаваў Свабодзе прафэсар Андрэй Вардамацкі.
Андрэй Вардамацкі
— Найбольш дзіўным у дадзеных па Беларусі зьяўляецца рост прарасейскіх настрояў з пачатку поўнамаштабнай вайны. Многія беларускія і замежныя аналітыкі меркавалі, што адбудзецца іх зьніжэньне, гэта здавалася натуральным. Але адбылося адваротнае. З пачаткам поўнамаштабнай вайны ў беларускай інфармацыйнай прасторы ўзмацніўся ціск, уплыў расейскіх дзяржаўных мэдыя, якія казалі, што гэта не вайна, а «спэцыяльная ваенная апэрацыя», скіраваная не супраць насельніцтва Ўкраіны, а толькі супраць кепскіх хлопчыкаў з Банкавай вуліцы ў Кіеве, якія зьяўляюцца «марыянэткамі Злучаных Штатаў».
Вайна падавалася як хірургічная філігранная апэрацыя, якая робіцца зброяй высокай дакладнасьці, апэрацыя, якая зусім не трагедыя для народу Ўкраіны. І адначасова ў расейскіх мэдыя падаваўся прывабны пазытыўны вобраз Расеі як такой. Гэта і выклікала рост прарасейскіх настрояў у Беларусі. Аднак пазьней рост спыніўся, узровень прарасейскіх настрояў выйшаў на плято. Бо спрацаваў іншы імпульс — моц беларускай генэтычнай памяці, памяць пра вялікую колькасьць войнаў, якія пракатваліся праз тэрыторыю Беларусі. І гэта сфармавала вельмі нэгатыўнае стаўленьне да любой вайны.
Пры гэтым на ўзровень праэўрапейскіх настрояў паўплывала палітыка заходніх дзяржаваў, якая аднолькава трактавала беларусаў і расейцаў ва ўсіх сэнсах — і ў палітычным, і ў мэнтальным. Так што з аднаго боку ціск расейскіх мэдыя, зь іншага — палітыка некаторых заходніх краінаў, якая спараджала адчуваньне, што ні Беларусь, ні беларусы Захаду непатрэбныя. Гэтыя два вэктары склаліся і спарадзілі як рост прарасейскіх настрояў, гэтак і зьніжэньне праэўрапейскіх.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як зьмяніўся выбар беларусаў паміж Расеяй і Эўропай за 20 гадоў