На гэтыя пытаньні ў праграме «Палітыка зь Юрыем Дракахрустам» адказвае журналістка, сябра аргкамітэту партыі «Разам» Яўгенія Сугак.
0:00 Якая сапраўдная пазыцыя Бабарыкі наконт вайны?
8:29 У якую палітыку пойдзе Бабарыка?
12:15 Ці мае рацыю Лукашэнка, разьлічваючы на звады паміж Бабарыкам і Ціханоўскай?
28:00 Ці прывядзе вызваленьне палітвязьняў да адлігі?
— Сёньня ў Вільні прайшла прэсавая канфэрэнцыя вызваленых палітвязьняў. У сваю чаргу Віктар Бабарыка і Марыя Калесьнікава адклалі заплянаваную на заўтра прэсавую канфэрэнцыю ў Нямеччыне, перанесьлі яе на наступны год. Але ва Ўкраіне, пасьля вызваленьня, яны прэсавую канфэрэнцыю правялі, Бабарыка даў некалькі інтэрвію. Заявы, якія прагучалі на гэтай прэсавай канфэрэнцыі і ў інтэрвію, пазыцыя Віктар і Марыі наконт вайны выклікалі гарачую дыскусію і моцную крытыку. У той жа час падчас размовы вызваленых палітвязьняў з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім Бабарыка выказаўся інакш, чым на прэсавай канфэрэнцыі і ў інтэрвію. Ён сказаў: «Некаторая няпэўнасьць, якая прысутнічае ў нашых выказваньнях, — назавем гэта посттурэмны шок. Паверце, усе мы адзіныя ў ацэнцы гэтых падзеяў. Вы пакутуеце, вы церпіце ад агрэсіі і вы цалкам маеце рацыю: свабода і людзі, якія аддалі свае жыцьці за гэтую свабоду, яны павінны перамагчы. І яна пераможа». Як вы мяркуеце, гэта сапраўдная пазыцыя Бабарыкі ці ўсё ж сказанае на прэсавай канфэрэнцыі і ў інтэрвію Золкіну?
— Маё меркаваньне, што нам трэба адназначна верыць таму, што ён сказаў Уладзіміру Зяленскаму. Гэта было сказана пазьней, чым адбылася прэсавая канфэрэнцыя. Першая прэсавая канфэрэнцыя адбылася ледзь не ў першыя гадзіны пасьля вызваленьня. Размова з Зяленскім адбылася праз содні, калі Бабарыка ўжо змог штосьці ў сваёй галаве ўкласьці і абдумаць. Наколькі мы бачылі, Зяленскі таксама верыў таму, што яму сказаў Бабарыка. Вялікая частка беларусаў пачала цкаваць Бабарыку і Калесьнікаву, не ўсьведамляючы, праз што ім давялося прайсьці. Як вы адзначылі, іх прэсавая канфэрэнцыя ў Бэрліне сапраўды была адмененая, што можа быць намёкам на тое, што іх першая прэсавая канфэрэнцыя была праведзеная не зусім так і не зусім у тых умовах, у якіх яны хацелі і да якіх былі гатовыя. Калі ў іх зьявілася магчымасьць выбіраць ці праводзіць прэсавую канфэрэнцыю зараз, ці не праводзіць, яны выбралі не праводзіць. Я думаю, што калі б яны мелі гэты выбар у першыя содні, яны зрабілі б такі ж выбар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Часам лепей жаваць, чым гаварыць» і «Дайце прайсьці рэабілітацыю». Як у сацсетках рэагуюць на заявы былых беларускіх палітвязьняў— Ці ведаеце вы, якая рэакцыя Бабарыкі на крытыку, якая прагучала на яго адрас? Ён засмучаны ёй? Ці ён разьлічвае на іншых беларусаў, на іншую Беларусь?
— Я магу дакладна сказаць, што Бабарыка не разьлічвае ні на якую іншую Беларусь, што ён разьлічвае на ўсіх беларусаў. Гэты яго погляд, які мы бачылі ў 2020 годзе, што гэты погляд вялікага гуманітарыя, чалавекалюбца, беларусалюбца, вельмі чалавечны і шчыры погляд. Ён у яго застаўся. І для Бабарыкі ўсе беларусы — свае, і тыя беларусы, якія за мяжой, і тыя беларусы, якія знаходзяцца ўнутры Беларусі. Ён разьлічвае на іх усіх. А да крытыкі ён ставіцца са стаіцызмам.
— Вы — сябра аргкамітэту партыі «Разам», якую Бабарыка зьбіраўся стварыць яшчэ ў 2020 годзе. Ці ёсьць у яго цяпер пляны ўсё ж такі стварыць партыю, займацца палітыкай? Ці ён сыйдзе ў прыватнае жыцьцё ці зоймецца праваабарончай дзейнасьцю?
— Па маіх назіраньняў усе людзі, якія бралі актыўны ўдзел у падзеях 2020 году, усе лідэры, усе ўдзельнікі, працягваюць займацца нечым падобным. Гэта тычыцца, напрыклад, і Сяргея Ціханоўскага. Таму я мяркую, што і Бабарыка будзе ў грамадзкай дзейнасьці. За кратамі застаюцца больш за тысячу чалавек, насамрэч нашмат больш за тысячу. Віктар будзе спрыяць іх вызваленьню, у тым ліку і свайго сына. Калі мы ў 2021 годзе сапраўды спрабавалі стварыць партыю «Разам», тады ў Беларусі гэтым яшчэ можна было займацца, у нас было 7000 заявак на ўступленьне ў гэтую партыю. Бабарыка зараз разважае наконт сваёй будучыні, Яшчэ тыдзень таму ён быў у рэжыме інкамунікада, Яму трэба час, каб прачытаць навіны, разабрацца і падумаць аб жыцьці, прывесьці ў парадак здароўе. Што да партыяў, то зараз няма ўмоваў для іх дзеяньняў у Беларусі, і гэта праект варта адкласьці на потым, калі ў Беларусі адбудуцца належныя зьмены.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бабарыканцы» і «ціханоўцы»: яднаньне ці канкурэнцыя?— У палітычнай эміграцыі створаныя інстытуты палітычнага прадстаўніцтва — офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт, Каардынацыйная рада. У гэтых структурах ці паміж імі — ці ёсьць месца Бабарыку? Ці магчымае паразуменьне паміж ім і Ціханоўскай? Ціханоўская ўжо паразмаўляла па тэлефоне з Марыяй Калесьнікавай.
— Мяркую, што паразуменьне ўжо знойдзенае, прынамсі, крокі да яго зробленыя. І Марыя, і Віктар вельмі станоўча ўспрынялі тэлефанаваньне ад Сьвятланы. Я думаю, што ў Марыі і Віктара будуць добрыя адносіны з офісам Ціханоўскай. Што да афіцыйнага месца ў існых структурах — а навошта яно Бабарыку ці Калесьнікавай? Я тут ня бачу падставаў для канфліктаў і дзяльбы.
***
Разам з гасьцямі Юры Дракахруст спрабуе зразумець сэнсы таго, што адбываецца ў беларускай і сусьветнай палітыцы, прааналізаваць тэндэнцыі, якія хаваюцца за інфармацыйным шумам, заглянуць у невядомую будучыню.